2006-03-09 14:23:41

Арцыбiскуп Форте зрабiў каментарый казання Бенедыкта XVI° аб Вялiкам Посце.


“Толькi вызвалiўшыся ад рабства iлжы i граха i адкрыўшыся да праўды, людзi набываюць сэнс жыцця, мiр, любоў i радасць”, - гэтыя словы былi прамоўленыя Свяцейшым Айцом перад Багародзiчнай малiтвай “Анёл Панскi” у першую нядзелю Вялiкага Посту. Бенедыкт XVI° заклiкаў вернiкаў выкарыстаць гэты перыяд дзеля таго, каб уважлiва перагледзiць сваё жыццё шляхам разважанняў i малiтвы. Монс. Бруно Форте, арцыбiскуп iтальянскага горада Кьетi, развiў гэту думку Папы перад мiкрафонам нашага Радыё. “Немагчыма весцi размову аб пакаяннi, калi ў поўнi не разумеешь граха i ягонага цяжару, - заўважыў ён. – Не дзеля таго, каб сфармаваць негатыўнае бачанне чалавека, але дзеля таго, каб рэалiстычна ставiцца не толькi да яго велiчы, але i да ягонага трагiзма. Быццё чалавека – гэта быццё трагiчнае з нагоды зла, якое яго адзначае”. Зразуменне грахоўнасцi дапамагае зразумець усё дабрыню Бога, адкрытую нам у Езусе Хрысце.
Папа ў сваiм звароце да вернiкаў гаварыў аб тым, што свабода магчыма толькi пасля пераадолення спакусы. Гэту думку Свяцейшага Айца арцыбiскуп Форте пракаментаваў наступным чынам: “Свабода – гэта не толькi вольны выбар чагосьцi: ён можа быць i ненармальным выбарам свабоды. Сапраўдная свабода прапануе вызваленне… Яна вызваляе нас ад сабе самiх, ад нашага “я”, ад нашага эгаiзма. Такiм чынам, мы робiмся свабоднымi для Бога i для iншых людзей у дынамiцы любовi. Сапраўдная свабода – гэта вызваленне любовi…; гэта мэта пошукаў i жаданняў, але, адначасова, яна з’яўляецца божым дарам, таму Божая ласка мае яшчэ адно iмя – “дараваная свабода”, - зазначыў арцыбiскуп Кьетi.







All the contents on this site are copyrighted ©.