2006-10-21 12:13:06

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус ( 18 11 06)


Перад ад’ездам у Англію Сіповічу давялося заняцца дзьвюма справамі ў Рыме. Айцец Гарошка ў Парыжы меў зь мясцовым беларускім актывам нараду, на якой пастанавілі паслаць дэлегацыю ў Рым. Дэлегатамі абралі айца Францішка Чарняўскага, які ад 1929 году працаваў у Францыі сярод польскіх работнікаў, i Лявона Рыдлеўскага, старшыню беларускай арганізацыі “Хаўрус”. Айцу Сіповічу выпаў абавязак падрыхтаваць глебу для дэлегацыі ў Рыме. Ён сапраўды пастараўся, i таму ўсё прайшло пасьпяхова. Сябры дэлегацыі разам з айцамі Татарыновічам i Сіповічам наведалі ня толькі Ватыканскі Дзяржаўны Сакратарыят i Ўсходнюю Кангрэгацыю, але й мелі ў пятніцу 8 лістапада прыватную аўдыенцыю ў папы Пія XII. Гэта першы выпадак, калі Сьвяты Айцец прыняў на прыватнай аўдыенцыі беларусаў як такіх. Беларусы мелі прыватныя папскія аўдыенцыі i раней, напр. Абрантовіч i Цікота, але папа прымаў ix не таму, што яны – беларусы, а таму, што адзін зь ix ачольваў расейскую эпархію ў Манчжурыі, a другі быў генэралам закону марыянаў. Дэлегаты прасілі Сьвятога Айца даць беларусам свайго біскупа, a таксама сродкі для ўзгадаваньня сьвятароў. Першым прамаўляў па-італійску айцец Сіповіч. Ад імя прысутных ён склаў Сьвятому Айцу наступную «пакорную просьбу: 1) каб быў назначаны для нас біскуп, бо мы – сіроты; 2) каб нам дапамагчы матар’яльна ў заснаваньні інстытуту для падрыхтоўкі сьвятароў; a паколькі мы бедныя i беспрытульныя, ніхто ня рупіцца пра нас, апрача Сьвятога Пасаду»80. Пасьля гаварыў па-француску Лявон Рыдлеўскі, які, сярод іншага, заўважыў: «Немагчыма захаваць хрысьціянскую душу нашага народу, як толькі дзякуючы каталіцкай герархіі, пад умоваю, што нам яе дадуць у добрым часе»81.
Папа папрасіў пакінуць яму тэксты іхных прамоваў, але выявілася, што ў ix былі толькі чарнавыя запіскі. Давялося, вярнуўшыся дамоў, перапісаць начыста, i на наступны дзень Сіповіч занёс ix у Дзяржаўны Сакратарыят. Так беларусы вучыліся правілаў дыпляматыі...
Айцец Сіповіч пісаў 15 лістапада айцу Гарошку: «Ha наступны дзень пасьля ад’езду вашых ад нас мілых гасьцей, пайшлі мы з Пятром (Татарыновічам. – А.Н.) да Наступніка Пятра, або лепш кажучы, да аднаго з монсіньёраў, i даручылі той тэкст, які я чытаў a Леў (Рыдлеўскі. – А.Н.) гаварыў падчас аўдыенцыі. Як табе ўжо ведама, сам Сьвяцейшы нас забавязаў да пераданьня яму просьбы, якую мы даслоўна з плачам яму выявілі... У найбліжэйшы панядзелак або аўторак (17 або 18 г. месяца) едзе да вас у Парыж Владыка Слоскан. Будзе праз нейкі час там у вас... Пасьля паедзе адведаць беларусаў у Нямеччыну. Можна дагадывацца, што гэта ў сувязі з прыездам дэлегатаў у Рым».
Сапраўды, пасьля беларускай аўдыенцыі ў папы біскуп Баляслаў Слоскан, апостальскі адміністратар Менскі і Магілеўскі, атрымаў заданьне адведаць беларускія асяродкі ў Францыі i Нямеччыне i скласьці справаздачу Сьвятому Пасаду пра колькасьць беларусаў каталікоў, якія там знаходзяцца, а таксама пра іхныя духоўныя патрэбы. Ён так i зрабіў у канцы лютага 1947 году.
Менш пасьпяхова скончылася спроба вырашыць праблему былых друйскіх марыянаў, сьвятароў i клерыкаў, што знаходзіліся ў Польшчы. Гарошка пісаў прынамсі два разы Бучысу, просячы дазволіць беларускім сьвятаром марыянам выехаць на Захад, каб працаваць сярод беларускай эміграцыі. Ён нават прапанаваў паспрабаваць вярнуць айцоў з Харбіну ў Эўропу. Ягоныя прапановы засталіся без адказу.
22 сьнежня 1946 году Сіповіч напісаў Бучысу ліст, у якім даводзіў, што беларускія марыяне ў Польшчы ўклалі ў польскую правінцыю больш, чым атрымалі ад яе. Ён дабіваўся, каб улады польскай марыянскай правінцыі дазволілі некаторым маладым беларускім марыянам прыехаць вучыцца ў Рым, a іншым далі працягваць навуку ў Варшаве. Ліст гэты выклікаў буру незадаволенасьці сярод польскіх сяброў марыянскай генэральнай рады. На паседжаньні 14 студзеня 1947 году айцец Мрочак, паляк, “прыпісваючы некаторыя недакладнасьці пісаньняў i словаў маладому тэмпэрамэнту” (adscribendo aliqua inconvenientia scriptorum et verborum juvenili temperamento) прапанаваў адкінуць ліст i не рабіць пра яго ніякай згадкі ў пратаколе. Іншыя не згадзіліся. Тады Мрочак напісаў 22 студзеня ліст Бучысу, у якім падлічыў гады i месяцы працы i навукі кожнага беларускага марыяніна ў Польшчы i польскага ў Беларусі. Паводле ягоных падлікаў выйшла, што не палякі беларусам, а наадварот, беларусы палякам заставаліся ў даўгу. Напрыканцы Мрочак параіў Сіповічу ў будучыні быць больш памяркоўным у сваіх выказваньнях. Безумоўна, у сваіх падліках Мрочак ня браў пад увагу ўсялякіх “дробязяў”: што беларусы прыехалі ў Польшчу не з уласнай волі, a гвалтам выселеныя польскімі ўладамі; што беларусы ў Польшчы вялі пастырскую працу сярод палякаў па-польску, a польскія марыяне ў Беларусі, каб не аказацца горшымі, працавалі сярод беларусаў... таксама па-польску.
Нягледзячы на апазыцыю з польскага боку, айцец Сіповіч не адступіў ад сваёй задумы. Відаць, не безь ягонага ўдзелу Мікола Абрамчык напісаў Бучысу просьбу дазволіць некалькім беларускім марыянам у Польшчы прыехаць на Захад для духоўнай абслугі беларускіх выгнанцаў. Бучыс адказаў 14 лютага: «Вашу просьбу з дн. 6.II.1947 г. атрымаў... Магу Вам паведаміць, што ўжо выдаў загад двом айцом, якія да гэтага часу знаходзяцца ў нашай польскай правінцыі, каб яны via (праз. – А.Н.) Рым выбраліся на душпастырскую працу да сваіх суродзічаў. Дзеля аднак труднасьцяў, незалежных ад ix i ад нас, справа можа прадоўжыцца».
Айцец Сіповіч паслаў айцу Гарошку копію гэтага ліста з дадатковымі тлумачэньнямі: «Мне шмат каштавала тое, аб чым вас афіцыяльна паведамляем. Прашу цябе ўсьведаміць іншых у наступным: нашыя беларусы добра трымаюцца ў Поль(шчы). Калі аднак хтосьці аб ix напісаў бы заграніцай, яны хутка трапілі б у рай. Мы ix хочам адтуль узяць, i прыказ сапраўды выданы, аднак жа тыя ўлады, калі б толькі зьнюхалі ў чым справа, то можа быць вельмі балюча зьліквідована. Я маю лісты адтуль, а навет яны атрымалі Б. Навіны і малітаўнік, але ўсё гэта per vias ignotas (няведамымі шляхамі. – А.Н.). Добра аднак было б, каб вы нешта падобнае і то як найхутчэй напісалі пад адрасам: Sua Eccellenza Rev.ma Mons. Giovanni B. Montini, Sostituto Segretario di S. Santitа, просячы яго зьвярнуцца да Бучыса, які мае ў П(ольшчы) 8 сьвятароў беларусаў, то напэўна мог бы хаця некалькі адтуль вызваць. Падайце дакладны адрас, хто скуль дамагаецца сьвятароў лацінскага абраду (падкрэсьлена Сіповічам. – А.Н.). Яны нас тут дзеляць. Трудна, будзем i мы дзяліць!»
На жаль, усе стараньні айца Сіповіча засталіся дарэмнымі, i ніводнаму беларускаму марыяніну не ўдалося выехаць з Польшчы.
Айцец Сіповіч пакінуў Рым 24 сакавіка 1947 году. Замест таго, каб ехаць проста ў Лёндан, як яму было загадана, ён затрымаўся на больш як два тыдні ў Парыжы, у айца Гарошкі, i зь ім разам адведаў розныя беларускія асяродкі. Нарэшце ў сераду 9 красавіка ён сышоў з карабля ў ангельскім порце Довэр i адтуль цягніком позна ўвечары прыехаў у Лёндан. Там яму сказалі, што Бучыс чакаў яго цэлы тыдзень i выехаў, не дачакаўшыся. 25 красавіка Сіповіч атрымаў гнеўны ліст з Рыму, падпісаны Бучысам i сакратаром закону марыянаў Я. Вайткявічусам, з пагрозамі караў, прызначаных для зьбеглых законьнікаў... Ліст сканчаўся наступным сказам: «Прашу Ўсемагутнага Бога, каб сваёй ласкаю Ён сьцярог цябе ў будучыні ад ламаньня канстытуцыяў (марыянскіх. – А.Н.), на якія ты даваў твае абяцаньні»82.








All the contents on this site are copyrighted ©.