У мінулы раз мы расказвалі аб самых старажытных хрысціянскіх сімвалах, якія былі раскрыты
даследчыкамі ў знакамітых рымскіх катакомбах. Але гэта былі не звыклыя нам сімвалы
Хрысціянства. Паўсюдна тыя выявы падаваліся інасказальна. Напрыклад Уваскрэсенне Хрыстова
выяўлялі пад выглядам прарока Іоны, які выратаваўся з пашчы кіта. Або пад вобразам
чатырых пораў году, з якіх зіма азначае смерць, вясна – уваскрэсенне, лета і восень
– жыццё будучага стагоддзя, а ўсё разам Волю Божую, якая бароніць усіх і ўсё. Дзеля
прыкладу, на адным з муроў намалявана зіма. Малады чалавек стаіць перад пылаючым вогнішчам.
У руцэ ён трымае паходню, патрэбную для доўгіх зімовых начэй. На зямлі няма ніводнай
былінкі, дрэвы без лісця. Усё памерла. Вось выяўлена вясна. Юнак стаіць пасярод дагледжанага
сада і агарода, ён прыносіць Богу ў ахвяру лілеі, зайца ці казлёнка. Усё ўваскрэсла
і расквітнела. Выява лета. Хлопец жне пшаніцу, рослую і густую. Гэта адроджанае святое
жыццё, што выспела для рая. Восень. Малады чалавек прыстаўляе лесьвіцу да дрэва, па
якім уецца вінаградная лаза, каб зняць вінаградныя гронкі. Гэта – жыццё, напоўненае
добрымі справамі і паспелае да рая. Грэкі выяўлялі чатыры пары года ў выглядзе жанчынаў,
рымляне – у выглядзе мужчынаў. На думку старажытных настаўнікаў Царквы, падобныя выявы
нагадвалі першым хрысціянам іх будучае ўваскрэсенне і падтрымлівалі ў іх удзячнасць
і любоў да Бога, які ўсё стварае і захоўвае. Адзін з Айцоў Царквы, хрысціянскі пісьменнік
ІІІ-га стагоддзя Тэртуліян з Карфагена ў сваім разважанні аб уваскрэсенні сказаў:
«Увесь гэты зменны парадак рэчаў ёсць сведчаннем аб уваскрэсенні мёртвых».
Ён жа ў іншым творы мацней выказаў тое ж самае: «Гэты свет паўсюль дае нам сведчанне
і абразчык уваскрэсення людзей. Кожны дзень свет гасьне і запальваецца, і зоркі гаснуць
і зноў блішчаць, поры году пачынаюцца, калі заканчваюцца». Адметна і тое, што
разам з выявамі чатырох пораў году заўсёды быў выяўлены і вобраз Добрага Пастыра.
Гэтае сумяшчэнне нібыта сцвярджае, што гэты Пастыр заўсёды і паўсюль клапоціцца аб
сваіх авечках і даглядае за імі як трэба. Ён жывы вобраз Божай Волі. Першыя хрысціянскія
мастакі любілі выяўляць Ноя ў каўчэгу, які прымае галубку з алейкавай галінкай у дзюбе.
Такая выява знаходзіцца ў пахавальніцы Даміцылы, зробленай у Рыме прыблізна ў 180-я
гады. Гэта адлюстраванне дагматычнай навукі Царквы аб збаўленні душы праз хрост, абвешчанае
Святым Пятром: «У дні Ноя ў каўчэгу нямногія, менавіта восем душ, спасліся ад вады,
і нас цяпер падобны на гэта хрост ратуе». Гэтую навуку добра зразумеў ужо ўзгаданы
намі аўтар шматлікіх багаслоўскіх працаў ІІІ-га стагоддзя Тэртулліян, які напісаў
у сваіх разважаннях аб хросце: «Як голуб, пасланы з каўчэга пасля таго, як
грахі свету былі абмыты водамі патопа, гэтага хросту старажытнага свету, калі можа
так сказаць, як той голуб, што вярнуўся ў каўчэг з аліўкавай галінкай, быў вестуном
заканчэння нябеснага гнева і пачатка вернутага света, так Дух Святы ў выглядзе голуба,
пасланага да нас, ляціць да зямлі, гэта значыць да нашага цела, ачышчанага баняй жыцця,
і прыносіць яму мір ад Бога: каўчэг ёсць ясны сімвал, вобраз Царквы». Гэты
самы вобраз, намаляваны на дошцы, што накрывала пахавальны склеп, нагадваў вернікам,
што пахаваны тут хрысціянін сканаў у міры з Богам і выратаваны Царквой. У старажытных
рымскіх пахавальнях ёсць выявы прарока Майсея, які скідае абутак і ставіць на камень
нагу, а таксама калі Майсей набліжаецца да куста, які гарыць ды не згарае. Па тлумачэнні
Святога Грыгорыя Назіанзіна, Майсей у такім выглядзе нагадваў чалавека, які гатовіцца
да хросту і адракаецца ад света, грэха і д’ябла. Але магчыма гэтыя катакомбныя выявы
падрыхтоўвалі хрысціянаў да пабожнага прыняцця Святых Дароў. Нярэдка трапляецца выява
Майсея, які ізводзіць ваду з Харыўскага ўцёса і побач выява Ісуса, які ўваскрэшае
Лазара. Аб чым гэта гаворыць? Падобным чынам унушалася думка аб усемагутнасці Бога,
які можа даць ваду з сухога каменнага уцёса і вывесці з магілы ажыўленае цела. Унушалася
і тое, што хрост хрысціяніна ў вадзе ў імя Святой Тройцы ёсць для яго задаткам вечнага
жыцця, якое ён атрымае пасля ўваскрэсення. Як пісьменнік Тэртулліян, так і святы
мучанік Кіпрыян Біскуп Карфагенскі, набліжалі збавіцельныя воды Харэўскую і хросную,
і ў першай бачылі перамяненне другой. Такое набліжэнне і было намалявана ў катакомбах.
Гэта азначае, што тагачасны хрысціянскі жывапіс не быў выдуманы мастакамі-іканапісцамі,
а ўзаконены Хрысціянскай Царквой. Калі пералічаныя намі сцэны былі намаляваныя ў катакомбах
або выбітыя на саркафагах, іх прысутнасць побач з целам памёрлага азначала той жа
сэнс, што быў у пахавальнай малітве. Гэта быў звычай старажытных габрэяў. Там пералічваліся
папярэднія ўмяшальніцтва Божай Сілы дзеля спасення верніка, а таксама была просьба,
каб Бог явіў міласць да мёртвага чалавека. Былі там і такія словы: «Божа мой, збавіцель,
як ты выратаваў Ноя, Ісака, Давіда, Данііла і іншых, так выратуй і мяне». Мінула
больш за паўтары тысячы гадоў, а словы тых старажытных хрысціян і цяпер блізкія кожнаму
іх аднаверцу. Хрысціянства прыцягвала да сябе людзей тым, што дазваляла ім жыць па
іншаму ў тым суровым і жорсткім свеце. Сакрэт шырокага распаўсюджвання Хрысціянства
быў у тым, што яно дазваляла сваім паслядоўнікам жыць па-свойму сярод язычнікаў, у
поўным адрыве ад іх света і жарсцяў. Але, на сёння час нашай гутаркі скончыўся.
Таму, ўсім каму было цікава, мы прапануем паслухаць працяг, які будзе праз тыдзень.