2008-02-01 14:01:47

З Апостальскай Адгортацыі "Sacramentum Caritatis"- працяг


Унутранае адзінства літургічных дзеянняў RealAudioMP3

 
44. Перш за ўсё неабходна паразважаць над унутраным адзінствам абраду св. Імшы. Неабходна пазбягаць, ці то ў катэхезах ці ў спосабе цэлебрацыі, стварэння ўражання супрацьпастаўлення дзвюх частак абраду. Літургія слова і эўхарыстычная літургія – па-за ўступным абрадам і абрадам заканчэння – Çтак цесна звязаны між сабою, што ўтвараюць адно культавае дзеяннеÈ132. Існуе ўнутраная сувязь паміж Божым словам і Эўхарыстыяй. Праз слуханне Божага слова нараджаецца і ўзмацняецца вера (пар. Рым 10, 17); у Эўхарыстыі слова, якое сталася целам, даецца нам як духоўны спажытак133. Такім чынам Çз двух сталоў – Божага слова і Цела Хрыста – Касцёл атрымлівае і дае вернікам Хлеб жыццяÈ134. Таму неабходна пастаянна памятаць, што Божае слова, чытанае Касцёлам і абвешчанае ў літургіі, вядзе да Эўхарыстыі як да сваёй уласцівай мэты.

 
Літургія слова

 
45. Разам з Сінодам прашу, каб літургія слова належна ўспрымалася і была заўсёды належным чынам падрыхтавана. Таму горача заклікаю, каб у літургіях вялікая ўвага надавалася абвяшчэнню Божага слова добра прыгатаванымі лектарамі. Ніколі не забывайма, што Çкалі ў Касцёле чытаецца Святое Пісанне, тады сам Бог прамаўляе да свайго народу, і Хрыстус, прысутны ў сваім слове, абвяшчае ЕвангеллеÈ135. Калі дазваляюць абставіны, можна падумаць аб некалькіх уводных словах, якія дапамогуць вернікам нанава іх усвядоміць. Каб Божае слова было добра зразумета, яго неабходна слухаць і прымаць у духу Касцёла і з разуменнем яго адзінства з сакрамэнтам Эўхарыстыі. Слова, якое абвяшчаем і слухаем, з’яўляецца словам, якое сталася целам (пар. Ян 1, 14), і мае ўнутранае аднясенне да асобы Хрыста і да Яго сакрамэнтальнай прысутнасці. Хрыстус не кажа ў мінулым, а ў нашай сучаснасці як той, хто прысутнічае ў літургічным дзеянні. У гэтым сакрамэнтальным кантэксце хрысціянскага абнаўлення136 веданне і вывучэнне Божага слова дазваляе нам ацэньваць, цэлебраваць і лепш удзельнічаць у Эўхарыстыі. Таксама тут адкрываецца ва ўсёй сваёй праўдзе сцвярджэнне: Çняведанне Пісання – гэта няведанне ХрыстаÈ137. З гэтай мэтай неабходна дапамагчы вернікам дацаніць скарбы Святога Пісання, заключаныя ў Лекцыянарыі, праз пастырскія ініцыятывы, цэлебрацыі слова і малітоўныя чытанні (lectio divina). Акрамя таго, нельга забывацца пра формы малітвы, замацаваныя ў традыцыі: Літургія гадзінаў, асабліва Ютрань, Нешпары, Камплета і вігілійныя цэлебрацыі. Малітва псальмамі, біблійныя чытанні і чытанні, узятыя з вялікай традыцыі, прадстаўленай у Боскім Афіцыі, могуць прывесці да больш глыбокага разумення той падзеі, якой з’яўляецца Хрыстус, і эканоміі збаўлення, што ў сваю чаргу можа ўзбагаціць разуменне і ўдзел у эўхарыстычнай цэлебрацыі138.

 
Гамілія

 
46. З увагі на значэнне Божага слова паўстае неабходнасць палепшыць якасць гаміліі. Яна з’яўляецца Çчасткай літургічнага дзеянняÈ139; павінна спрыяць больш поўнаму разуменню Божага слова і яго эфектыўнасці ў жыцці вернікаў. Таму пасвячаныя распарадчыкі павінны Çстаранна рыхтаваць гамілію, абапіраючыся на адпаведным веданні Святога ПісанняÈ140. Трэба пазбягаць гамілій агульных і абстрактных. Асабліва заклікаю духоўных, каб гамілія звязвала абвешчанае Божае слова з сакрамэнтальнай цэлебрацыяй141 і жыццём супольнасці такім чынам, каб Божае слова было сапраўднай падтрымкай для жыцця Касцёла142. Таму трэба памятаць пра катэхетычную і пабуджальную мэту гаміліі. Пажадана, зыходзячы з трохгадовага цыкла Лекцыянарыя, адпаведным чынам прапаноўваць вернікам тэматычныя гаміліі, у якіх на працягу літургічнага года закраналіся б галоўныя пытанні хрысціянскай веры згодна з аўтарытэтным навучаннем Настаўніцкага Інстытута Касцёла і на падставе чатырох ÇкалонÈ, вызначаных у ÇКатэхізісе Каталіцкага КасцёлаÈ і ў нядаўна выдадзеным ÇКампендыіÈ: на вызнанні веры, на цэлебрацыі хрысціянскай таямніцы, на жыцці ў Хрысце, на хрысціянскай малітве143.

 
Прыгатаванне дароў

 
47. Айцы Сіноду звярнулі таксама ўвагу на прыгатаванне дароў. Гаворка ідзе не проста аб нейкім ÇперапынкуÈ паміж літургіяй слова і эўхарыстычнай літургіяй. Такое разуменне аспрэчыла б сэнс адзінага абраду, складзенага з дзвюх звязаных паміж сабою частак. У гэтым простым і пакорным жэсце выяўляецца вельмі вялікае значэнне: у хлебе і віне, якія прыносім на алтар, Хрыстус Адкупіцель прымае ўсё стварэнне, каб яго перамяніць і ахвяраваць Айцу144. У гэтым сэнсе мы нясём на алтар таксама ўсе цярпенні і боль свету і верым, што ўсё з’яўляецца каштоўным у вачах Бога. Каб гэты жэст быў правільна зразуметы, ён не паінен празмерна падкрэслівацца дадаткамі. Гэты жэст дазваляе ацаніць першасны ўдзел, якога Бог чакае ад чалавека для здзяйснення ў ім Боскай справы, каб надаць такім чынам поўны сэнс чалавечай працы, якая праз эўхарыстычную цэлебрацыю яднаецца са збаўчай ахвярай Хрыста.

 
Эўхарыстычная малітва

 
48. Эўхарыстычная малітва – Çцэнтральная і кульмінацыйная частка ўсяго літургічнага дзеянняÈ145. Яе значэнне заслугоўвае адпаведнай увагі. Розныя эўхарыстычныя малітвы, якія змяшчаюцца ў Імшале, перададзены нам жывой традыцыяй Касцёла і адзначаюцца невычэрпным тэалагічным і духоўным багаццем. Вернікаў трэба вучыць цаніць іх. Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала нагадваюць нам асноўныя элементы кожнай эўхарыстычнай малітвы: падзяку, акламацыю, эпіклезу, апісанне ўстанаўлення і кансэкрацыю, анамнэзу, ахвяраванне, малітву заступніцтва і заключную даксалогію146. Асаблівым чынам эўхарыстычная духоўнасць і тэалагічнае разважанне будуць асветлены спасціжэннем глыбокага адзінства ў анафары (эўхарыстычнай малітве) паміж заклікам Духа Святога і словамі ўстанаўлення147, у якім Çздзяйсняецца ахвяра, якую сам Хрыстус устанавіў на Апошняй ВячэрыÈ148. ÇКасцёл просіць моц Духа Святога асвяціць дары, прынесеныя людзьмі, каб яны сталі Целам і Крывёю Хрыста, і каб беззаганная ахвяра, прынятая на Камуніі, паслужыла збаўленню тых, хто будзе ў ёй удзельнічацьÈ149. 







All the contents on this site are copyrighted ©.