2008-02-08 13:57:36

Беларусь абмяжоўвае прыезд замежных сьвятароў


Рада Міністраў зацьвердзіла новае Палажэньне пра парадак запрашэньня ў краіну замежных сьвятароў. Цяпер для прыезда любога замежніка, які будзе займацца рэлігійнай дзейнасьцю, патрэбны дазвол Упаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў. Прычым, сьвятару можа быць адмоўлена без тлумачэньня прычынаў.
Афіцыйна дакумэнт прыняты для ўпарадкаваньня рэлігійнай дзейнасьці ў Беларусі замежнікаў.
Закране ён, найперш, ксяндзоў-палякаў, якія прызжаюць служыць у беларускія касьцёлы. Такія прыезды сталі часьцейшыя за апошнія гады. Па адной з вэрсыяў, прыняцьце дакумэнта актыўна лабіявала Беларуская праваслаўная царква, якая хвалюецца ад вялікай актыўнасьці каталікоў у краіне.
Цяпер, у адпаведнасьці з дакумэнтам, давядзецца прасіць дазволу на прыезд ня толькі ксяндзам, якія едуць у касьцёлы, але і сьвятарам, якія будуць выкладаць у духоўных навучальных установах, і нават тым, хто будзе ехаць проста на сьвята, сэмінар ці любое мерапрыемства.
Кожны замежны сьвятар, які будзе ад цяперашняга часу кіравацца ў Беларусь, павінен будзе падаць цэлы пакет папераў, каб пацьвердзіць сваю кваліфікацыю і добрыя мэты. Сярод папераў – дакумэнты аб адукацыі і рэлігійным стажы. Для выкладчыкаў яшчэ – плян навучальнай працы.
Самая радыкальнае новаўвядзеньне – тэст на адную зь дзяржаўных моваў, беларускую ці расейскую. Бо па новых правілах службы ў храмах мусяць адбывацца толькі на дзяржаўных мовах. Ксяндзы, якія зьвяртаюцца да вернікаў па-польску, будуць пакараныя і нават высланыя з краіны.
Калі сьвятар, які едзе ў Беларусь, адмовіцца падаць любы зь неабходных дакумэнтаў, ягоная позва будзе пакінутая без разгляду.
Сярод беларускіх вернікаў ужо пайшоў жарт: што ж давядзецца перажыць Папу Бэнэдыкту XVI, калі той раптам вырашыць прыехаць у Беларусь…








All the contents on this site are copyrighted ©.