2009-10-16 13:56:31

Боль вернікаў па прычыне разбурэньня крыпты ў падмурках уніяцкага храма Сьвятога Духа ў Менску


13 кастрычніка 2009 г. у ніжняй капліцы “чырвонага касьцёла” грэка-каталіцкія вернікі сабраліся на малітву за спакой душы невядомага слугі Божага, які спачываў у зьнішчанай крыпце, што знаходзілася ў старых фундаментах уніяцкага храма Святога Духа ў Менску. Узгдваліся ў малітве і іншыя захаваныя там бязыменныя асобы.

Заўпакойную Літургію служылі менскія грэка-каталіцкія душпастыры а. Яўген Усошын і а. Пахом Кавалёў у прысутнасьці Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыта Сяргея (Гаека).

Пасьля Боскай Літургіі Архімандрыт Сяргей узначаліў паніхіду за ўсіх памёрлых, чые астанкі і косьці былі знойдзены у падмурках базыліянскай царквы Сьвятога Духа.
“У малітве хочам аддаць Госпаду наш глыбокі боль па прычыне разбурэньня пахавальнай крыпты і прафанацыі парэштак захаванага там сьвятаслужыцеля” – сказаў а. Яўген перад паніхідай.

Як вядома на пачатку мінулага месяца верасьня, падчас працы коўш экскаватара прабіў невядомую крыпту (пахавальны склеп), не пазначаную ні на адным з планаў царквы. Былі выкліканыя спецыялісты з Інстытута археалогіі НАН Беларусі, якія пачалі прафесійна раскопваць крыпту. Астанкі фундатараў царквы засталіся некранутымі, нягледзячы на нешчасьлівы лёс храма. Побач са знойдзеным склепам была знойдзена шмат раскіданых касьцей.

“Для вернікаў і для ўсіх цывілізаваных людзей парэшткі памерлых - гэта рэч сьвятая. Нашыя продкі, якія там пахаваныя, жыхары і дабрадзеі горада Менска, маюць права на пашану з боку ўсіх жыхароў Менска. Грэка-каталіцкія вернікі чакалі, каб годна, з малітвай, пахаваць у адным з месцаў новых фундаментаў будоўлі сабраныя косьці. Мы чакалі таксама, згодна з абяцаньнямі працаўнікоў КУП “Мінская спадчына,” на прафесійны перанос крыпты. На жаль у мінулы чацьвер - 8.10.2009 г. вечарам працаўнікі КУП “Мінская спадчына” разбілі крыпту і зьняважылі астанкі захаванага там манаха” – дадаў з болем а. Яўген.

У нядзелю вечар 11.10.2009 Апостальскі Візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы Архімандрыт Сяргей (Гаек), у суправаджэньні віцэ-дэкана а. Яўгена Усошына, пайшоў паглядзець асабіста на месца раскопкаў. Там яны пабачылі варварскі зьнішчаную (разьбітую) крыпту, раскіданыя часткі труны і косьці нябошчыка. Акт дзікага варварства, зьдзейсьнены над спадчынай грэка-каталіцкай (уніяцкай) Царквы, у цэнтры еўрапейскага гораду - сталіцы нашай Рэспублікі Беларусь, побач сьвятых месцаў братоў рыма-католікаў і праваслаўных.
 
“Жах і боль не пазваляе нам каментаваць гэты акт дзікага варварства” – сказаў Архімандрыт Сяргей.

“Мы, грэка-каталіцкія вернікі г. Менска, удзячныя дзяржаўным Уладам і прадстаўнікам аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасьцей Мінскага гарвыканкама за падтрымку патрабаваньня Кіраўніцтва нашай Царквы, каб крыпта была адбудаваная (рэканструяваная) ды каб сьвятыя парэшткі нашых продкаў маглі быць ізноў, з пашанай і нашай малітвай, складзены на месцы, дзе яны былі першапачаткова захаванымі” – сказаў адзін з вернікаў – удзельнікаў малітвы.
“Мы ўдзячныя шматлікім хрысьціянам розных канфесіяй за малітоўную і маральную падтрымку нашых патрабаваньняў” – дадаў а. Яўген.







All the contents on this site are copyrighted ©.