2011-04-07 16:08:00

Арцыбіскуп Вэльё аб праблемах бежанцаў


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Антоніо Марыя Вэльё, старшыня Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў, аналізуючы міжнародную сітуацыю, якая склалася ў апошні час, адзначае, што “жыхары Іраку не хочуць заставацца ў сваёй краіне і пакідаюць яе са страху. Людзі, якія ўцякаюць, належаць не толькі да хрысціянскай меншасці, гэта таксама мусульмане, што мае сур’ёзныя наступствы для іракскага грамадства, усяго народа і для кожнага паасобнага чалавека.

Паводле ватыканскага іерарха, “праблема бежанцаў напрыклад у Іарданіі заключаецца ў тым, што яны могуць заставацца ў краіне як госці, без права на працу. Гэта забарона спрычыняецца да іх абсалютнай беднасці і адсутнасці сродкаў да жыцця. Наступствы аказваюцца трагічнымі. Зразумела, што гэтыя асобы не могуць інтэгравацца ў іарданскае грамадства”.

Арцыбіскуп звярнуўся таксама да тэмы Кот-д’Івуара. Гэта краіна, паводле іерарха, стала закладнікам драматычных падзей, якія пачаліся пасля прэзідэнцкіх выбараў. Невыкананне іх вынікаў прывяло да ваенных дзеянняў і вялікай колькасці ахвяраў.

“Мясцовы Касцёл намагаецца дапамагчы уцекачам, але яму не хапае матэрыяльных і персанальных сродкаў”, - лічыць арцыбіскуп Вэльё. “Трэба падумаць, як дапамагчы тысячам людзей”. Кардынал Петэр Тарксан, старшыня Папскай рады “Iustitia et Pax”, спрабуе ўжо некалькі дзён ад імя Папы прыбыць у Кот-д’Івуар, каб дапамагчы ажыццявіць праграму супрацоўніцтва паміж старай і новай уладамі.

На заканчэнне іерарх выказаў думку, што “Еўропа павінна сур’ёзна падумаць аб тым, што значыць заставацца ў рэгіёнах, з якіх уцякаюць людзі. Як правіла, бежанцы накіроўваюцца ў суседнія краіны. Гэта азначае, паводле іерарха, што Еўропа павінна прыняць на сябе адказнасць за выкананне абвязкаў па бароне уцекачоў і паказаць свету, што азначае салідарнасць і сумеснае вырашэнне праблемаў”.







All the contents on this site are copyrighted ©.