2011-08-16 14:10:47

Кардынал Варэла: Мадрыд заўсёды характарызаваўся еднасцю з Папам


RealAudioMP3 Вечарам 16 жніўня у Мадрыдзе пачнуцца Сусветныя дні моладзі, дэвізам якіх з’яўляецца выказванне апостала Паўла з Паслання да Каласянаў “Укаранёныя і збудаваныя ў Хрысце, моцныя ў веры”. Мерапрыемства пачнецца св. Імшой у 20.00 на плошчы Сібэлес у сталіцы Іспаніі. Узначаліць урачыстую літургію кардынал Антоніо Марыя Руоко Варэла, арцыбіскуп Мадрыдскі.

У інтэрв’ю нашаму радыё іерарх адзначыў, што пачатку моладзевага форума чакаюць не толькі шматлікія вернікі, што прыехалі ў Мадрыд з усяго свету, але і мясцовыя жыхары, для якіх Сусветныя дні моладзі з’яўляюцца таксама магчымасцю сустрэчы з Рымскім Пантыфікам. “Мадрыд, гэта горад гісторыя якога заўсёды характарызавалася верай у Езуса Хрыста і еднасцю з Наступнікам св. Пятра”, - сказаў кардынал Варэла. Акрамя таго, іерарх звярнуў увагу на тое, што Сусветныя дні моладзі, будуць мець вялікае значэнне з евангелізацыйнай перспектывы:

“У фундаменце евангелізацыі ляжыць абвяшчэнне Уваскрослага Езуса Хрыста: менавіта гэта будзе адбывацца ў Мадрыдзе на працягу ўсяго наступнага тыдня відавочным чынам праз літургічныя цэлебрацыі, малітвы, адарацыі і катэхезы, а таксама меньш відавочным, праз культурныя, мастацкія і грамадскія ініцыятывы. Мерапрыемствы з Сусветных дзён моладзі будуць трансліравацца тэлебачаннем многіх краін свету, і я думаю, што гэта прынясе вялікія вынікі, бо абвяшчэнне будзе адбывацца ў вельмі радаснай атмасферы, што з’яўляецца плёнам сустрэчы з Езусам Хрыстом. Я ўпэўнены, што гэта будзе вельмі важна для краін Еўропы і асабліва для Іспаніі”, - падкрэсліў кардынал Варэла.

Гаворачы аб дэвізе сустрэчы “Укаранёныя і збудаваныя ў Хрысце, моцныя ў веры”, іерарх адзначыў, што Папа, гэтымі словамі хоча падкрэсліць, што сярод небяспекаў і нестабільнасцяў, якія існуюць у сённяшнім свеце, у Хрысце заўсёды можна знайсці апору і фундамент, для асабістага, грамадскага культурнага і эканамічнага жыцця.







All the contents on this site are copyrighted ©.