2011-11-02 14:00:07

У Мінску ўзгадваюць і моляцца за памерлых вернікаў


RealAudioMP3 Чаму ў лістападзе на могілках асабліва прыгожа і смутна? Восенню на могілках усё плача – жоўтымі лістамі. Амаль бязшумна пархаюць з веткі на ветку птушкі – так, што паняволі ўздрыгваеш і думаешь – а ці птушка гэта? І ў гэтым подыху чутны пакорлівы сум – ён выклікае шчырыя і сумленныя думкі. Аб жыцці. Аб людзях. Гэта атмасфера на могілках 2 лістапада, калі Каталіцкі Касцёл узгадвае і моліцца за ўсіх памерлых верніках.

На мінскіх Кальварыйскіх могілках 1 і 2 лістапада адбываецца св. Імша і працэсія. 5 прыпынкаў робяць вернікі, каб узгадаць памерлых святароў, мучанікаў за веру, а таксама ўсіх сваіх продкаў. Малітва ў гэты дзень – гэта і ёсць наша пашана да родных і надзея, што яны з’яднаюцца з Богам.

Вернікі ідуць на могілкі, запальваюць свечкі. Кальварыйскія – адны з самых старажытных у Мінску, таму парафіяне мясцовага касцёла Узвышэння Святога Крыжа напярэданні ўрачыстасці Усіх Святых і ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў стараюцца прыбраць як мага больш пакінутых магіл. А пробашч, кс. Андрэй Бародзіч, заклікае, калі наводзіце парадак на магілах сваіх блізкіх, агляніцеся навокал – магчыма па-суседству таксама патрабуецца дапамога, бо наведаць некаторых памерлых ужо няма каму.

Наведваць могілкі і маліцца за памерлых католікі Беларусі будуць яшчэ на працягу наступных васьмі дзён. І гэта не толькі момант смутку і ўспамінаў, але і час шчырых і сумленных думак. Аб людзях. Аб жыцці.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.