На значэнне музыкі,
якая з’яўляецца “універсальнай мовай”, што дазваляе перайсці межы і ўвайсці ў свет
іншага чалавека, а нават узняць розум і сэрца да Бога, звярнуў увагу Бэнэдыкт XVI,
падзякаваўшы за канцэрт у свой гонар, падараваны ўладамі Астурыі ў Іспаніі. Ён адбыўся
26 лістапада ўвечары ў Зале Паўла VI. Тут выступіў Сімфанічны аркестр Княства Астурыя
пад кіраўніцтвам Максіміліяна Вальдэса.
Святы Айцец адзначыў, што хоць канцэрт
складаўся з твораў кампазітараў розных нацыянальнасцяў – іспанцаў: Мануэля дэ Фаллі,
Ісаака Альбеніса, немца: Рыхарда Штраўса, рускага: Мікалая Рымскага-Корсакава – іх
аб’ядноўвае іспанскі дух, які выражаецца ў радасці жыцця. У дадатак да гэтага матыву,
у творы “Іспанскае капрыччыо” Рымскага-Корсакава разам з народнымі спевамі і танцамі
прысутнічаюць папулярныя рэлігійныя песні. Гэта старажытная астурыйская малітва, у
якой заключана просьба да Панны Марыі і св. Пятра аб абароне, а таксама фрагмент,
у якім узнікае цыганская песня ў гонар Панны Марыі.
“Гэта цуды, якія здзяйсняе
музыка – універсальная мова, якая дазваляе нам пераадолець усе межы і ўвайсці ў свет
іншага чалавека, у свет іншага народу, культуры”, - адзначыў Святы Айцец. Ён дадаў,
што музыка “дазваляе нам узнесці розум і сэрца нават да Іншага”, “узнесціся ў свет
Бога”.