2012-04-09 12:21:35

Бэнэдыкт XVI перад малітвай “Regina Caeli”: на працягу святаў памятайце аб уваскрасенні Хрыста


RealAudioMP3 9 красавіка, перад малітвай “Regina Caeli” Бэнэдыкт XVI звярнуўся да вернікаў сабраных на плошчы перад Апостальскім палацам у летняй рэзідэнцыі Пантыфіка ў Кастэль Гандольфа. Папа заклікаў іх на працягу святочных дзён памятаць аб уваскрасенні Хрыста, а таксама яшчэ раз перачытаць фрагменты Евангелляў, якія апавядаюць аб гэтай падзеі, якая дала сэнс існаванню кожнага чалавека. “Дарагія браты і сёстры! – звярнуўся да вернікаў Папа – Панядзелак пасля Пасхі ў многіх краінах з’яўляецца выходным днём, калі многія адпраўляюцца на прыроду, ці наведваюць сваіх родных, які жывуць далёка, каб пабыць разам ўсёй сям’ёй. Але я хацеў б, каб у розуме і сэрцы хрысціян была прысутнай галоўная прычына гэтых выходных дзён – уваскрасенне Езуса, галоўная таямніца нашай веры. Сапраўды, як пісаў св. Павел да Карынцянаў, “калі Хрыстус не ўваскрос, пустое тады наша прапаведванне, пустая наша вера” (1 Кар 15,14). Таму, у гэтыя дні важна перачытаць апавяданні аб уваскрасенні Хрыста, якія знаходзім у чатырох Евангеллях. Гаворка ідзе аб апавяданнях, які па-рознаму прадстаўляюць сустрэчу вучняў з уваскрослым Езусам, і такім чынам дазваляюць нам паразважаць над гэтай незвычайнай падзеяй, што змяніла гісторыю і дала сэнс існаванню кожнага чалавека.

Наступленне ўваскрасення, само па сабе, не было апісана евангелістамі: яно застаецца таямнічым, але не менш рэальным, схаваным, такім, што сягае вышэй магчымасцяў нашага разумення: як святло, настолькі асляпляльнае, што нельга яго ўбачыць вачыма, бо можна аслепнуць. Апавяданні пачынаюцца з апісання світанку ў дзень пасля суботы, калі жанчыны прыйшлі да магілы і ўбачылі, што яна адкрытая і пустая. Св. Мацвей расказвае таксама аб землятрусе і палаючым анёле, які адкаціў вялікі магільны камень і сядзеў на ім (пар. Мц 28,2).

Атрымаўшы ад анёла абвяшчэнне аб уваскрасенні, жанчыны, поўныя страху і радасці, пабеглі, каб перадаць навіну вучням і менавіта ў той момант сустрэлі Езуса, упалі да Яго ног і пакланіліся Яму; а Ён ім сказаў: “Не бойцеся. Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, там мяне ўбачаць” (Мц 28,10). Ва ўсіх Евангеллях, жанчыны займаюць шмат месца у апавяданнях аб Езусе уваскрослым, а таксама пры апісанні мукі і смерці Хрыста. У тыя часы, у Ізраэле, сведчанне жанчын не мела афіцыйнай ці юрыдычнай каштоўнасці, але жанчыны перажывалі асаблівую сувязь з Панам, якая стала фундаментальнай для канкрэтнага жыцця хрысціянскай супольнасці, і засталася назаўсёды, у кожнай эпохе, не толькі на пачатку жыцця Касцёла.

Узнёслым і ўзорным прыкладам адносін з Езусам, асабліва ў Яго Пасхальнай таямніцы, з’яўляецца канешне Марыя, Маці Пана. Менавіта праз перамяняючую дзейнасць Пасхі яе Сына, Панна Марыя стала таксама Маці Касцёла, гэта значыць кожнага з вернікаў і ўсёй іх супольнасці. Да яе звернемся зараз са словамі малітвы “Regina Caeli”, малітвы, якая згодна з традыцыяй, у пасхальны перыяд замяняе “Анёл Панскі”. Няхай Марыя дапаможа нам адчуць жывую прысутнасць уваскрослага Пана, крыніцы надзеі і супакою”.

Пасля малітвы “Regina Caeli” Святы Айцец на розных мовах прывітаў пілігрымаў і пажадаў усім спакойнага дня ў святле і супакоі ўваскослага Пана.








All the contents on this site are copyrighted ©.