2012-04-28 13:50:39

Кардынал Таран: канкардаты спрыяюць удасканаленню юрыдычнай спадчыны


RealAudioMP3 “Падпісваючы канкардаты, Апостальская Сталіца выкарыстоўвае юрыдычны інструмент для таго, каб гарантаваць вернікам прававую бяспеку і бяспеку дзейнасці”, - адзначыў кардынал Жан Луі Таран, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, у артыкуле ў сённяшняй “L’Osservatore Romano”. Каментуючы новую кнігу арцыбіскупа Дыжон Ралана Мінэрата “Адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і дзяржавамі. Два стагоддзі канкардатаў, 1801-2010 г.”, кардынал Таран адзначыў, што аўтар паказвае перавагі сістэмы канкардатаў, якая спрыяе кантактам паміж Касцёлам і дзяржавамі, паважаючы пры гэтым іх адметнасці. “Сапраўды, ад самых першых стагоддзяў, Каталіцкі Касцёл не мог не супрацоўнічаць са свецкімі ўладамі і не лічыцца з імі, бо кожны індывідуўм з’яўляецца адначасова і грамадзянінам, і вернікам”, - піша кардынал Таран. Паводле іерарха, вялікая колькасць заключаных канкардатаў, асабліва на працягу апошніх 30 гадоў, паказвае іх эфектыўнасць у рэгуляванні публічнага здзяйснення культа, а таксама ў спрыянні дыялогу паміж свецкімі і касцёльнымі ўладамі.

Кардынал Таран адзначае, што гістарычны аналіз дазваляе ўбачыць, як паняцце “дасканалае грамадства”, прапанаванае Касцёлам і навучаннем ІІ Ватыканскага Сабора аб рэлігійнай свабодзе, паступова прывялі Касцёл і дзяржавы да ўдасканалення сваёй юрыдычнай спадчыны. “Касцёл не шукае прывілеяў, але жадае па-сапраўднаму ажыццяўляць сваю духоўную ўладу у рамках прававой дзяржавы і спрыяць павазе да правоў чалавека”, - адзначыў іерарх. Ён падкрэсліў, што слова “канкардат” паходзіць ад лацінскага “concordia”, што значыць “згода”. Гэта згода, паводле кардынала Тарана, павінна існаваць, бо дзяржава і Касцёл “знаходзяцца на службе асабістаму і грамадскаму пакліканню адных і тых жа людзей”.








All the contents on this site are copyrighted ©.