2012-08-01 16:04:25

“Веру, ведаю, разумею”. Сакрамэнт споведзі: я прыйшоў паклікаць не справядлівых, але грэшнікаў


RealAudioMP3 Мы працягваем цыкл разважанняў аб сакрамэнце споведзі. У нашай сённяшняй праграме мы пахілімся над словамі Езуса: “Я прыйшоў паклікаць не справядлівых, але грэшнікаў”. Чаму Хрыстус звяртаецца менавіта да справядлівых? Лічыць сябе такім даволі проста. Можна знаходзіць шмат розных апраўданняў сваім учынкам: я ў парадку, бо ніхто мне не кажа адваротнага; калі я нешта зрабіў не так, то я не спецыяльна; нарэшце, ці не магу я сам устанаўліваць і вырашыць у сваім сэрцы, што добра, а што не? Чалавек, які лічыць сябе справядлівым, нармальным, добрым, думае, што дастаткова кантраляваць сябе, але на самой справе неабходна любіць. Ён з’яўляецца вязнем сваіх апраўданняў і меркавання, што чалавек не можа дасягнуць евангельскай дасканаласці. Прызнацца ў сваёй грахоўнасці для яго азначае асудзіць самаго сябе, згубіць тое, што з такой цяжкацю будавалася. Аднак Езус асуджае халодную застыласць чалавека і нежаданне перарадзіцца нанава.

Езус у сваім зямным жыцці сустракаўся з многімі справядлівымі. Большасць з іх складалі фарысеі, якія асуджалі ўсіх і ўсё. Аднаму справядліваму чалавеку, які казаў, што з маладосці выконваў усе запаведзі (канешне для таго, каб заставацца добрым і дасканалым), Езус прапанаваў свабоду. Але для гэтага неабходна было вызваліцца ад усяго і пайсці за Ім. Такую свабоду не можа даць чалавеку ніякі закон ці прадпісанне, але толькі любоў. Толькі з любові магчыма адмовіцца ад усяго! Але словы Хрыста спалохалі маладога чалавека – ён не чакаў, што яму прыйдзецца пазбавіцца таго, што ён мае і да чаго на самой справе прывязаны. Езус з любові жадаў дабра гэтаму чалавеку. Любоў Бога адкрывае нам нашы грахі, нашы прывязанасці, рэчы ў якіх мы закасцянелі. Мы разумеем наш грэх становячыся перад абліччам Бога, яго любові і патрабаванняў.

Малады чалавек, пытаўся ў Хрыста: “Настаўнік добры, што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?”. Ён хацеў хуткага адказу, што так адпавядае сучаснаму пакаленню, якое імкнецца пазбягаць цяжкасцяў, звязаных з пошукам і імкненнем сягаць на глыбіню. Пытанне маладога чалавека ў нейкім сэнсе з’яўляецца пытаннем кожнага з нас: што нам рабіць каб унаследаваць вечнае жыццё? Унутры кожнага з нас хаваецца глыбокае жаданне вечнасці. Хто ж не хоча вечных пачуццяў, вечнага сяброўства, вечнага жыцця, якое нічога не абмяжоўвае, у якое не ўваходзяць зло, прыніжэнні, здрада, адчай? Той, хто задаецца пытаннямі аб вечным жыцці – той любіць таксама і жыццё зямное, імкнецца пражыць гэта жыццё як мага лепш, пазнаць, што ў ім па-сапраўднаму вартае, вызваліцца ад таго, што перашкаджае жыць – ад граху.

Багаты малады чалавек сур’ёзна клапаціўся аб сваім дабрабыце, таксама і ў рэлігійным сэнсе: з самай маладосці выконваў усе запаведзі. Але ён быў няздольны выйсці за ўласныя межы. Для яго Евангелле, Добрая навіна заключалася ў тым, каб “прадаць усё што меў і раздаць убогім”, атрымаць скарб у небе і, нарэшце, наследаваць Хрыста. Гэта была па-сапраўднаму добрая навіна, бо заключалася ў прапанове любові, якая вызваляе ад усіх рэчаў, ахвяраў, абмежаванняў, халоднай упэўненасці ў правільнасці запаведзяў, якія аднак не даходзяць да сэрца.

Любоў дазваляе нам адказаць на гэты заклік Пана – раздаць усё і ісці за Ім. Толькі любоў робіць нас здольнымі пакінуць усё. Для Бога няма нічога немагчымага, бо Ён нас любіць, адкрывае зачыненыя дзверы нашых сэрцаў, хоча паклікаць нас за сабой, каб змяняць свет, каб перамяніць нас, выцягнуць нас з-пад завалу багаццяў і рэчаў і прывесці ў свой свет поўны любові без межаў. Езус нас просіць адмовіцца ад усяго, каб мы маглі атрымаць усё – усё тое, што нам неабходна па-сапраўднаму, а гэта нашмат больш.

Інстынктыўна мы думаем, што прапанова Езуса з’яўляецца празмерна складанай. Сапраўды – наколькі прасцей багацці займаюць нашы сэрцы, ахопліваюць іх і робяць цвёрдым. Дастаткова паглядзець унутр і вакол нас: як мала любові, але якая вялікая ўвага да грошай і захаплення самімі сабой. Багаты думаў, што ў багацці заключалася ўсё яго жыццё, а раздаць усё для яго азначала згубіць гэта жыццё. Ён баяўся быць самім сабой – баяўся любіць.

Заклік Езуса “прыходзь і ідзі за Мной” з’яўляецца сапраўдным заклікам да свабоды у гэтым свеце абумоўленым дабрабытам, адчаем, які мае шмат, але губляе галоўнае, які прыводзіць да пагарджэння жыццём бедных, на першае месца ставіць матэрыяльнае, прымушае пакутаваць ад шматлікіх паталагічных формаў любові да саміх сябе.









All the contents on this site are copyrighted ©.