2012-08-03 13:28:59

Святы Пасад павіншаваў мусульман з заканчэннем Рамадана


RealAudioMP3 На заканчэнне месяца Рамадан, якое прыпадае на 18 жніўня, Папская рада па міжрэлігійным дыялогу скіравала адмысловае пасланне да вызнаўцаў ісламу. Яно было апублікавана на 31 мове і прысвечана неабходнасці выхавання хрысціянскай і мусульманскай моладзі да справядлівасці і міру, “неадлучных ад праўды і свабоды”. “Гаворка ідзе аб прыгожым і адначасова складаным заданні: дапамагчы дзецям і моладзі адкрыць і развіваць патэнцыял, які Стварыцель даверыў ім, а таксама ўстанавіць адказныя міжчалавечыя адносіны”, - гаворыцца ў пасланні. Адзначаецца, што Бэнэдыкт XVI неаднойчы казаў аб неабходнасці “сапраўдных сведкаў, а не проста тых, хто навучае правілам і перадае інфармацыю... Сведкаў, якія самі жывуць тым, што прапануюць”.

Паводле Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, для таго, каб навучаць моладзь справядлівасці неабходна паказаць, што ўсе людзі былі створаны Богам і пакліканы будаваць адзіную сям’ю, а супольнае дабро немагчыма без салідарнасці і братэрскай любові. Гаворачы аб навучанні міру, ватыканская дыкастэрыя падкрэсліла, што сёння гэта заданне стала асабліва тэрміновым. Неабходна сведчанне аб тым, што “сапраўдная прырода міру не ў простай адсутнасці вайны і не ў раўнавазе паміж супрацьстаячымі сіламі, але ў тым, што гэта дар Бога і чалавечая справа, якую трэба рабіць пастанна”. “Мір – гэта плён справядлівасці і любові (...)Толькі мужчыны і жанчыны шчыра упэўненыя ў гэтым могуць будаваць грамадства, дзе справядлівасць і мір стануць рэальнасцю”, – адзначаецца ў пасланні Папскай рады да мусульман.








All the contents on this site are copyrighted ©.