2012-08-07 13:06:10

Знойдзены “афрыканскі дзённік” папы Паўла VI


RealAudioMP3 Роўна 50 гадоў таму арцыбіскуп Міланскі, кардынал Джавані Баціста Манціні, будучы папа Павел VI, здзейсніў візіт у Афрыку. Ён стаў адным з першых ў гісторыі Касцёла высокіх іерархаў, якія пабывалі на гэтым кантыненце. Ватыканская газета піша пра незвычайную знаходку, якая пралівае святло на падарожжа будучага Пантыфіка. У архіве Міланскай архідыяцэзіі быў знойдзены дзённік кардынала Манціні з таго візіту. З яго становіцца зразумела, што іерарх ужо тады разумеў, што менавіта ад Афрыкі будзе залежаць будучыня ўсяго чалавецтва. “Было б цудоўна, - цытуе “L‘Osservatore Romano” радкі 30-старонкавага дзённіка, - калі б мясцовы Касцёл, падобна першахрысціянскаму, узяў на сябе місію несці Евангельскае пасланне народам, якія яшчэ не ведаюць Евангелля Езуса”.

Будучы Папа быў моцна ўражаны вялікім энтузіязмам мясцовых народаў, вялізнымі “чэргамі”, якія стваралі вернікі, каб атрымаць св. Камунію з яго рук. У гэтым падарожжы будучы Пантыфік звярнуў увагу і на міжрэлігійнае вымярэнне. Яго сустрэчы і размовы з мусульманскімі лідэрамі паказалі магчымасць мірнага і добразычлівага суіснавання прадстаўнікоў розных рэлігій на кантыненце.

Пасля вяртання з Афрыкі кардынал Манціні прадставіў свае ўражанні Яну ХХІІІ. Ён сказаў Папе, што сярод афрыканцаў існуе вялікае жаданне культуры, адукацыі і салідарнасці. Затым, пасля абрання на Пасад св. Пятра, Павел VI прысвячаў шмат месца і ўвагі Афрыканскаму кантыненту.








All the contents on this site are copyrighted ©.