“100 пытанняў – 100 адказаў”. Чаму прасіў прабачэння ў чалавецтва Ян Павел ІІ?
12 сакавіка 2000 г.
у Ватыканскай базыліцы адбылася ўнікальная гістарычная падзея – Папа Рымскі ўстаў
на калені і прасіў прабачэння ў Бога і чалавецтва за грахі, якія Касцёл учыніў на
працягу гісторыі. Трэба адзначыць, што гэты учынак Яна Паўла ІІ выклікаў неадназначную
рэакцыю не толькі ў некаталіцкіх асяродках, але і ў самім Касцёле. Што гэта было –
праява слабасці перад светам? Ці можа гэта доказ таго, што Касцёл не з’яўляецца святым?
Можа ў такім выпадку Касцёл не мае маральнага права вучыць людзей сёння? Адказаць
на гэтыя пытанні мы паспрабуем у нашай сённяшняй праграме.
Трэба адзначыць,
што многія справядліва лічаць “Дзень прабачэння” адной з самых яскравых і важных падзей
часоў пантыфікату Яна Паўла ІІ. Ён прайшоў у першую нядзелю Вялікага посту ў Юбілейны
2000-ны год – час вельмі спрыяльны для навяртання і перагляду мінулага. Паводле Наступніка
св. Пятра, менавіта з ачышчанай памяццю лодка Касцёла павінна была ўвайсці ў адкрытае
мора трэццяга тысячагоддзя. Папа лічыў, што Касцёл, трываючы ў праўдзе перад самім
сабой, можа больш пераканаўча выконваць сваю галоўную місію: абвяшчаць праўду Евангелля.
Нажаль, на працягу гісторыі здараліся выпадкі, калі члены Касцёла паводзілі
сябе не па-хрысціянску, дзейнічалі кіруючыся не любоўю, а пыхай, страхам ці пагардай.
Гэта да сённяшняга дня кідае цень на святое аблічча Касцёла і для многіх людзей становіцца
спакусай нявер’я ў яго святасць. Паводле дакументу ІІ Ватыканскага Сабора “Lumen gentium”,
“Касцёл, які ахоплівае ў сваім улонні грэшнікаў, ёсць святым, але ў той жа час заўсёды
патрабуе ачышчэння і пастаянна ідзе шляхам пакаяння і аднаўлення”. Ян Павел ІІ задумаў
“Дзень прабачэння” менавіта з гэтай мэтай.
Незадоўга да яго правядзення Папа
даручыў групе з 30 тэолагаў на чале з кардыналам Ратцынгерам стварыць спецыльяны дакумент,
прысвечаны “ачышчэнню памяці”. Ён быў апублікаваны пад назвай “Памяць і прымірэнне:
Касцёл і грахі мінулага”. У ім сцвярджалася, што ачышчэнне памяці дапаможа Касцёлу
заставацца верным евангельскім прынцыпам і быць іх пераканаўчым сведкам.
Ян
Павел ІІ здзейсніў перапрашэнне за грахі Касцёла падчас урачыстай св. Імшы. Яна пачалася
з працэсіі і спеву літаніі да Усіх Святых. Пасля гаміліі і “Вызнання веры” Святы Айцец
пагрузіўся ў глыбокую асабістую размову з Богам. Прадстаўнік Рымскай курыі пачаў чытаць
тэкст перапрашэння: за католікаў, які былі няверныя Евангеллю; за людзей Касцёла,
якія ў імя веры і маралі, часам выкарыстоўвалі не евангельскія метады ў абавязковым
заданні абароны праўды; за грахі, якія пашкодзілі адзінству Цела Хрыстовага і паранілі
братэрскую любоў; за балючыя пакуты ўчыненыя ізраільскаму народу нямалай колькасцю
хрысціян на працягу гісторыі; за парушэнне правоў самых слабых сацыяльных груп і этнасаў,
пагарду да іх культур і рэлігійных традыцый; за недахоп прызнання чалавечай годнасці
і роўнасці правоў жанчын, асоб кожнай расы і народа; за парушэнне правоў самых бедных
і безабаронных людзей, у якіх таксама і хрысціяне не распазналі Хрыста.
Пасля
перапрашэння за кожны з гэтых грахоў кардыналы і біскупы у атмасферы глыбокай малітвы,
запальвалі лампады і ставілі іх у спецыяльна падрыхтаваны кандэлябр: сем лампадаў
– сем грахоў. Напрыканцы Папа абагульніў гэту споведзь ў малітве: каб “ніколі больш
не было супярэчнасцяў любові ў служэнні праўдзе, ніколі больш жэстаў супраць адзінства
Касцёла, ніколі больш злачынстваў супраць якога-небудзь народа, ніколі больш карыстання
логікай насілля, ніколі больш дыскрымінацый, выключэнняў, пераследаў, пагарды да бедных
і апошніх”.
Затым Святы Айцец устаў, падыйшоў да вялікага драўлянага крыжа
і пацалаваў ногі Збаўцы. Гэтым вялікім жэстам папа Ян Павел ІІ паказаў адкрытасць
Касцёла на прымірэнне і пачатак новай гісторыі. Толькі той, хто свабодны ад граху,
мог быць па сапраўднаму святым і свабодным. А чаго большага можна пажадаць Касцёлу
ў наш час?
Варта адзначыць, што ў літургіі 12 сакавіка 2000 г. не ўзгадвалася
аб канкрэтных фактах, напрыклад такіх як крыжовыя паходы ці інквізіцыя. Кожны з іх
патрабуе асобнага глыбокага гістарычнага аналізу і абагульняць усё, што з імі звязана
пад маркай “грахоў Касцёла” было б няправільным. Многія з гэтых фактаў наўмысна былі
сфалшаваныя псеўдагісторыкамі ці ідэолагамі, а ў многіх варта адрозніваць тое, што
звязана з навучаннем Касцёла, а што са злоўжываннямі асобных людзей.
Таксама
трэба адзначыць, што Касцёл ставіўся да злоўжыванняў і грахоў сваіх членаў з вялікімі
рэалізмам, якому могуць пазайздросціць любыя іншыя інстытуты. Касцёл не баіцца глыбокага
аналізу спрэчных гістарычных фактаў. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца шматлікія даследванні,
адкрытасць касцёльных архіваў, частыя канферэнцыі і дыскусіі на складаныя тэмы. Пераасэнсаванне
праўды аб іх дапамагае Касцёлу “ачысціць памяць” і заставацца верным сваёй прыродзе.
У гэтым кантэксце “Дзень прабачэння” быў вельмі важным. Дзякуючы яму Касцёл стаў больш
моцным. Папа, які ўстаў на калені – гэта не праява слабасці, а наадварот вялікай адвагі
і веры.