Будучы канклаў, паводле
Кананічнага права Каталіцкага Касцёла, павінен пачацца пасля 15 сакавіка. Перыяд паміж
сыходам або смерцю папярэдняга Папы і абраннем новага касцёльнае заканадаўства акрэслівае,
як “sede vacante”. Менавіта гэты час выклікае найбольш пытанняў і асцярог – як “час
без Папы”. На самой справе Кананічнае права дакладна рэгулюе кампетэнцыі паасобных
інстытутаў Апостальскай Сталіцы. Так, бягучыя справы, звязаныя з дзейнасцю Касцёла,
даручаны ў гэты перыяд Калегіі кардыналаў. Аднак, яна не можа займацца справамі, якія
ляжаць у выключнай кампетэнцыі Святога Айца, а таксама выступаць з новымі заканадаўчымі
ініцыятывамі. Падчас “sede vacante” спыняюць дзейнасць усе дыкастэрыі Рымскай Курыі,
уключна з Дзяржсакратарыятам. Аднак, сваю дзейнасць працягвае камерленг, апостальскі
пенітэнцыярый, арцыпрэзбітэр базылікі св. Пятра, генеральны вікарый для Дзяржавы Ватыкан,
сакратары дыкастэрый, якія займаюцца звычайнай дзейнасцю Касцёла, субстытут Дзяржсакратарыяту,
сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, нунцыі і вялікі элемазінарый Яго
Святасці.
Падчас “sede vacante” праходзяць агульныя кангрэгацыі пад кіраўніцтвам
дэкана Калегіі кардыналаў. Падчас першай з іх кожны кардынал атрымае копію Апостальскай
кантытуцыі “Universi Dominici Gregis”, якая ўстанаўлівае правілы дзейнасці Касцёла
падчас “sede vacante”. Там між іншым гаворыцца аб абавязку кожнага пурпурата трымаць
у таямніцы інфармацыю адносна выбару новага Пантыфіка. Падчас першага пасяджэння агульнай
кангрэгацыі яе ўдзельнікі прымуць рашэнне аб скасаванні “Пярсцёнка Рыбака” Бэнэдыкта
ХVI, забеспячэнні папскіх апартаментаў спецыяльнымі пячаткамі і даце пачатку канклаву.