2013-05-17 13:10:30

Папа Францішак да місіянераў: евангелізацыя – гэта цяжкая задача


RealAudioMP3 Асабліва дарагімі для сябе людзьмі назваў Святы Айцец супрацоўнікаў Папскіх місійных ініцыятыў, паколькі справа евангелізацыі, якой яны займаюцца, з’яўляецца фундаментам кожнай касцёльнай ініцыятывы. Пантыфік сустрэўся з імі ў Ватыкане 17 мая. Гэта місійная асацыяцыя, па словах Францішка, “з’яўляецца прывілеяваным інструментам у руках Папы, у якім ёсць пачатак і знак адзінства і ўніверсальнасці Касцёла”. Пантыфік нагадаў сабраным аб іх галоўнай задачы, несці Евангелле людзям, “якія яшчэ не пазналі і не сустрэлі Хрыста, і тэрмінова знайсці новыя формы і новыя шляхі, каб даць магчымасць Божай ласцы крануць сэрца кожнага мужчыны і кожнай жанчыны”. Евангелізацыя – гэта “цяжкая задача”, адзначыў Святы Айцец, “усе мы адчуваем нашу беднасць, нашу слабасць”, але мужнасці нам дадае ўсведамленне таго, “што сіла евангелізацыі зыходзіць ад Бога, належыць Яму”, а мы “інструменты Божай міласэрнасці, Яго пяшчоты, любові да кожнага мужчыны і кожнай жанчыны, асабліва да бедных, выключаных, далёкіх”.

Францішак перасцярог кіраўнікоў Папскіх місійных ініцыятыў ад спакусы, якой паддаліся некаторыя супольнасці, засяродзіцца выключна на сабе, турбавацца толькі аб сваіх уласных праблемах. Папа запрасіў іх асаблівую ўвагу звяртаць на “маладыя Касцёлы”, “якія часта працуюць ва ўмовах складанасцяў, дыскрымінацыі і пераследу. Менавіта такім супольнасцям у гэты час, на думку Святога Айца, патрэбна падтрымка і дапамога “евангельскімі словамі і справамі”.

Пантыфік запрасіў місіянераў не баяцца ўзяць на сябе “частку адказнасці за ўніверсальную місію Касцёла”. На заканчэнне ён нагадаў словы свайго папярэдніка Паўла VI, што сённяшні свет спрабуе, “часам з болем, часам з надзеяй, прыняць Добрую Навіну не ад евангелізатараў прыгнечаных, расчараваных, нецярплівых ці ўстрывожаных, а ад слуг Евангелля, чыё жыццё асвячаецца запалам, які ўпершыню атрымалі ад Хрыстовай радасці, і таму гатовыя рызыкаваць сваім жыццём, каб Божае Валадарства абвяшчалася, а Касцёл быў прышчэплены ў сэрца свету”.







All the contents on this site are copyrighted ©.