2013-07-18 12:45:18

Бразільскі кардынал: пяцідзесятнікі – выклік для Касцёла


RealAudioMP3 Пяцідзясятніцкія супольнасці абудзілі Каталіцкі Касцёл у Бразіліі, лічыць кардынал Раймунду Дамасэну Ассіс. “Магчыма, мы адчулі сябе занадта камфортна, і, магчыма, рост пяцідзясятніцкіх рухаў нас абудзіць і скалане да нашай рэальнай місіі”, - сказаў старшыня Канферэнцыі Біскупаў Бразіліі ў інтэрв’ю нямецкай “KNA”. Кардынал падкрэсліў, што абранне папы Францішка выклікала вялікую надзею і пазітыўныя чакання ў Каталіцкім Касцёле краіны. Гэта звязана, на думку іерарха, з яго сціплымі і простымі паводзінамі, што робіць Пантыфіка блізкім да людзей.

Па дадзеных перапісу 2010 г., 42 млн. (22%) са 190 млн. бразільцаў лічаць сябе пратэстантамі або евангелістамі, у 2000 г. такіх было 26 млн. За той жа перыяд колькасць католікаў знізілася са 125 млн. да 123 млн. – з 74% да 65% ад агульнай колькасці насельніцтва.

Францішак паедзе ў Бразілію ў наступны панядзелак, 22 ліпеня. Гэта яго першая замежная паездка ў якасці Папы.

Аб выкліках, звязаных з ростам колькасці пяцідзесятнікаў у свеце, у апошні час неаднойчы заяўляў і кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Сёння гэтыя супольнасці займаюць другое пасля католікаў месца ў свеце па колькасці вернікаў. “Таму трэба казаць аб вялікім уплыве, які яны маюць у хрысціянстве. Для экуменізму, гэта зусім новая сітуацыя”, - адзначыў старшыня ватыканскай дыкастэрыі ў красавіку 2013 г. Іерарх лічыць, што трэба ўважліва назіраць за развіццём пяцідзесятнікаў у тым ліку і Лацінскай Амерыцы, каб весці разважанне аб спосабах экуменічнага дыялогу з імі. Трэба задумацца, чаму вернікі пакідаюць Каталіцкі Касцёл і далучаюцца да гэтых груп. Адказу, на думку кардынала Коха, варта шукаць у тэалагічным разважанні над роляй Святога Духа ў жыцці супольнасці.

Кардынал Кох чакае ініцыятывы пашырэння экуменічнага дыялогу з пяцідзясятнікамі і з боку папы Францішка, які дакладна ведае сітуацыю са сваёй працы ў Буэнас-Айрэсе, бо лацінаамерыканскія евангелічныя рухі растуць сёння асабліва хутка. Развіццё пяцідзесятнікаў у свеце, гэта вялікі выклік для Каталіцкага Касцёла, заявіў кардынал Кох у маі 2013 г.







All the contents on this site are copyrighted ©.