Вэб-майстар: з абраннем Францішка ватыканскія інтэрнэт-рэсурсы сталі больш папулярнымі
Ватыкан прысутнічае
ў інтэрнэце з 1995 г., а на сённяшні дзень Апостальская Сталіца мае каля 30 сайтаў
з даменам вышэйшага узроўню “.va”, яшчэ 10 знаходзяцца на стадыі распрацоўкі, распавёў
кс. прэлат Лучыа Адрыян Руіз кіраўнік Ватыканскай інтэрнэт службы. 48-гадовы аргентынскі
святар працуе ў Ватыкане з 1997 г. Ён пачынаў сваю працу ў Кангрэгацыі па справах
Духавенства, для якой стварыў сайт www.clerus.org, і курыраваў тэхнічныя аспекты арганізацыі
інтэрнэт-канферэнцый для тэолагаў з розных краін свету. У інтэрв’ю італьянскай “La
Stampa” ватыканскі вэб-майстар расказаў, што структура, якую ён узначальвае, займаецца
тэхнічным абслугоўваннем сайтаў Апостальскай Сталіцы, іх праектаваннем і стварэннем,
а таксама клапоціцца аб доступе да інтэрнэта ватыканскіх устаноў.
“Мы з’яўляемся
пэўнага кшталту рукамі, нагамі і лічбавым голасам Пантыфіка. Але дзеля лічбавай прысутнасці
Папы мы працуем не ў адзіноце. Нас цэлая сям’я: Папская рада па сродках масавай камунікацыі,
Зала Друку, Ватыканскі тэлевізійны цэнтр, Ватыканскае радыё, “L’Osservatore Romano”,
- падзяліўся святар. Ватыканская інтэрнэт служба клапоціцца пра тэхнічныя пытанні,
звязаныя з прысутнасцю гэтых СМІ ў вэб-прасторы.
Галоўным выклікам кс. Руіз
лічыць “пераклад” на тэхналагічную мову “навучання, паслання і пяшчоты Папы”. Гэта
праца здзяйсняецца супольна са шматлікімі інжынерамі, тэхнікамі і іншымі ватыканскімі
медыя.
Паводле святара, самымі папулярнымі інтэрнэт-старонкамі Апостальскай
Сталіцы з’яўляецца сайт www.vatican.va, які змяшчае каля 500 тыс. старонак навучання
Пантыфікаў, і сайт-дайжэст www.news.va, якім займаецца Папская рада па сродках масавай
камунікацыі.
Кс. Руіз адзначыў, што колькасць інтэрнэт-наведванняў павялічваецца,
калі ў Ватыкане адбываюцца нейкія значныя падзеі. Напрыклад, падчас беатыфікацыі Яна
Паўла ІІ толькі за два дні ватыканскія сайты праглядзела каля 12 млн. інтэрнэт-карыстальнікаў.
Паводле
святара, “папулярнасць” інтэрнэт-рэсурсаў Апостальскай Сталіцы значна павялічылася
з абраннем папы Францішка. Людзі пераважна шукаюць здымкі з падзей і словы Папы, падзяліўся
святар і дадаў, што ў сувязі з гэтым за апошні год прыйшлося ўзмоцніць інтэрнэт-сістэму
Святога Пасаду ў 10 разоў.