2014-01-14 13:52:44

Цэрквы заклікалі ЕС сур’ёзна заняцца мігрантамі і моладдзю


RealAudioMP3 Адказны за еўрапейскія пытанні віцэ-міністр замежных спраў Грэцыі Дзімітрыс Куркулас прыняў у Афінах дэлегацыю высокага ўзроўню, у якую ўвайшлі грэчаскія і еўрапейскія рэлігійныя лідэры. 8 студзеня 2014 г. распачалося старшынства Грэцыі ў Еўрапейскім Саюзе. Як паведамляе Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (ComECE), дыскусія была засяроджана на адзінстве Еўропы і міграцыйных працэсах у ёй. Тэмай размоў стала высокае беспрацоўе сярод моладзі і пытанне свабоды ў Еўропе. Цэрквы падтрымалі прыярытэты грэчаскага старшынства, адным з якіх з’яўляецца сацыяльны аспект функцыянавання ЕС з акцэнтам на палітыку занятасці.

У сувязі з высокім узроўнем беспрацоўя сярод моладзі нараджаецца феномен “страчанага пакалення”, якое жыве без рэальных перспектыў паляпшэння свайго эканамічнага становішча і ўдзелу ў жыцці грамадства. Таму прыхільнасць усёабдымнаму і ўстойліваму эканамічнаму росту і стварэнне працоўных месц – гэта адна з галоўных перадумоў для выхаду з крызісу, гаворыцца ў заяве Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы. Але трэба надаваць таксама належную ўвагу якасці працы, каб пазбегнуць паўстання новага класу “працуючых бедных”.

На сустрэчы асабліва інтэнсіўна абмяркоўвалася міграцыйнае пытанне і падкрэслівалася, што прававая сітуацыя ў Еўропе з’яўляецца незадавальняючай для мігрантаў. Акрамя таго, павінна быць узмоцнена сумесная барацьба з арганізаваным гандлем людзьмі.

Размова адбылася ў рамках рэгулярных сустрэч паміж краінамі-старшынямі ЕС і Цэрквамі.







All the contents on this site are copyrighted ©.