2014-01-17 14:24:33

Арцыбіскуп Паралін пра фундаменты і мэты дыпламатыі


RealAudioMP3 Дыпламатыя павінна быць чалавечай – гэта значыць павінна мець у цэнтры сваёй увагі чалавечую асобу, лічыць арцыбіскуп Пьетра Паралін, Дзяржсакратар Яго Святасці Папы. Аб сваім бачанні дыпламатыі іерарх расказаў у інтэрв’ю Ватыканскаму тэлевізійнаму цэнтру пасля сустрэчы Святога Айца з дыпламатычным корпусам акрэдытаваным пры Апостальскай Сталіцы, якая адбылася 13 студзеня 2014 г. Ён адзначыў, што таксама і ў дыпламатыі папа Францішак падштурхоўвае ўсведамляць важнасць канкрэтнай, а не “абстрактнай” чалавечай асобы. “Кожны чалавек павінен быць у цэнтры нашай дзейнасці, асабліва бедныя, маргіналізаваныя, слабыя, найбольш уразлівыя, людзі якія не маюць голаса”, - сказаў арцыбіскуп Паралін.

На яго думку, дыпламатыя таксама павінна быць скіравана на сустрэчу. “Шмат разоў Папа падкрэсліваў важнасць культуры сустрэчы, выхаду з ізаляцыі (...), бо толькі так можна зразумець адно аднаго, прымаць і супрацоўнічаць”, - сказаў іерарх.

Яшчэ адным важным аспектам дыпламатычнай дзейнасці арцыбіскуп Паралін лічыць “салідарнасць і прыняцце да сэрца сітуацый іншых”, насуперак пануючай “культуры абыякавасці”. “Прынцыпам чалавечай дыпламатыі з’яўляецца любоў, увага да асобы, любоў да кожнага чалавека”, - сказаў іерарх.

Гаворачы пра ватыканскую дыпламатыю арцыбіскуп Паралін адзначыў, што перад абліччам шматлікіх падзелаў і канфліктаў, якія перажывае свет, яна, як ніколі раней, паклікана спрыяць сустрэчы, павазе і дыялогу паміж народамі і ўмацоўваць іх. На яго думку, ватыканская дыпламатыя павінна дапамагаць, каб адметнасці якія існуюць паміж народамі і культурамі, у свеце, які хутка збліжаецца, не станавіліся прычынамі супрацьстаяння і барацьбы, а наадварот – узаемнага ўзбагачэння. “Гэта задача дыпламатыі увогуле і папскай дыпламатыі ў прыватнасці”, - сказаў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.