Папа падчас экуменічнай малітвы: не можна быць глухімі адносна закліку да адзінства
Кульмінацыяй сваёй
пілігрымкі на радзіму Хрыста папа Францішак назваў экуменічную малітву ў базыліцы
Гробу Пана. У ёй, разам з Пантыфікам і Патрыярхам Канстантынопальскім Барталамеем
І, прынялі ўдзел праваслаўны Патрыярх Іерусаліма Тэафіл ІІІ, кусташ Святой Зямлі айцец
Пьербаціста Піцабала, армянскі Патрыярх Іерусаліма Нурхан, прадстаўнікі іншых хрысціянскіх
канфесій. На пачатку малітвы, пры ўваходзе ў базыліку, Пантыфік і Экуменічны Патрыярх
ушанавалі месца, на якое пасля смерці было пакладзена цела Хрыста. Звяртаючыся да
прысутных, Францішак заўважыў, што магіла, у якой быў пахаванны Хрыстус, з’яўляецца
месцам, адкуль пачала распаўсюджвацца навіна пра ўваскрасенне. Яна з’яўляецца фундаментам
веры для ўсіх хрысціян і кожны ахрышчаны духоўна ўваскрос у гэтай грабніцы. “Мы людзі
уваскрасення, а не смерці”, - падкрэсліў Папа.
Святы Айцец заклікаў не быць
“глухімі адносна моцнага закліку аб адзінстве”, якое праяўляецца ў дзяленні аднаго
і таго ж Эўхарыстычнага стала. “Адрозненні не павінны нас спалохаць і паралізаваць
наш шлях”, - сказаў Папа і заклікаў верыць у тое, што, як быў адсунуты камень ад уваходу
ў магілу Хрыста, так могуць знікнуць усе перашкоды для поўнага адзінства паміж хрысціянамі.
“Гэта будзе ласкай уваскрасення, смак якой ужо сёння можам прадчуваць”, - адзначыў
Пантыфік.
Уваскрасенне, адначыў Святы Айцец, адбываецца кожны раз, калі хрысціяне
просяць прабачэння адно ў аднаго і маюць адвагу яго прымаць; калі пераўзыходзяць забабоны
і развіваюць братэрскія адносіны; калі думаюць пра будучыню Касцёла з перспектывы
паклікання да еднасці. Папа нагадаў, што дзякуючы хрысціянам розных канфесій, якія
сёння разам церпяць, рэалізуецца сапраўдны экуменізм пакутаў і крыві.
Пасля
прамовы Пантыфіка ўдзельнікі малітвы перадалі адно аднаму знак супакою і памаліліся
“Ойча наш”. Затым яны разам наведалі магілу Хрыста і Галгофу.