2014-06-23 11:35:31

Сітуацыю Украінскай і Румынскай грэка-каталіцкіх Цэркваў абмяркуюць у Ватыкане


RealAudioMP3 Сітуацыя Украінскай і Румынскай грэка-каталіцкіх Цэркваў будзе ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў 87-й сесіі Ініцыятыў па дапамозе Усходнім Касцёлам (ROACO) – міжнароднага аб’яднання дабрачынных арганізацый. Трохдзённы форум пачнецца 23 чэрвеня 2014 г. у Ватыкане. У яго рамках абмяркуюцца прыярытэты евангелізацыйнай дзейнасці і ініцыятывы накіраваныя на дапамогу душпастырам і душпастырскім структурам Украінскай і Румынскай грэка-каталіцкіх Цэркваў. У асамблеі прымуць удзел кардынал Леанарда Сандры, прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, Вярхоўны архіепіскап Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук, Апостальскі нунцый ва Украіне арцыбіскуп Томас Галіксан, курыяльны епіскап Фарагаса і Алба-Юліі ў Румыніі Клаўдзіў Лусіан Поп і іншыя іерархі.

Удзельнікі сесіі пазнаёмяцца з сітуацыяй у Сірыі, пра якую распавядуць Апостальскі нунцый у гэтай краіне арцыбіскуп Марыё Дзэнары і прадстаўнікі мясцовага “Сaritas”, а таксама з сітуацыяй у Святой Зямлі. На форуме будзе прааналізавана выкарыстанне сродкаў сабраных у якасці ахвяраванняў у Вялікую Пятніцу.

У пасяджэннях прыме ўдзел прадстаўнік нядаўна створанага Пантыфікам Сакратарыята па эканамічных справах Апостальскай Сталіцы, каб лепш пазнаёміцца са спосабамі, якімі Кангрэгацыя па справах Усходніх Касцёлаў каардынуе размеркаванне фінансавых сродкаў, сабраных членамі Ініцыятыў па дапамозе Усходнім Касцёлам. 24 чэрвеня ўдзельнікі сустрэчы наведаюць Папскі Усходні Інстытут, а 26 чэрвеня іх прыме на аўдыенцыі папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.