2014-12-31 14:18:33

Філіпінскія мусульмане падтрымліваюць Папу


RealAudioMP3 “Я загадваю маім мусульманскім братам і сёстрам далучыцца да Святога Айца ў яго намаганнях па садзейнічанні добрай волі сярод паслядоўнікаў розных рэлігій”, - сказаў старшыня Рады імамаў Філіпін, мусульманскі капелан філіпінскай паліцыі, Эбра Аль-Хадж Мокссір. У інтэрв’ю каталіцкаму тэлевізійнаму каналу “TV Maria” з Манілы імам падкрэсліў, што падтрымлівае Пантыфіка ў яго выступленнях супраць мусульманскіх экстрэмістаў, гатовых на ўсё, нават прымяненне насілля, для распаўсюджвання падзелаў і нянавісці. Ён заклікаў рэлігійных лідэраў супрацьстаяць захопу фундамэнталістамі кантролю над рознымі супольнасцямі. Таксама ён заахвоціў сваіх субратоў, каб падтрымалі заклік католікаў да ўзаемнага супрацоўніцтва на карысць міру і дыялогу.

“Усе добрыя мусульмане і хрысціяне хочуць міру. Мы павінны паклапаціцца, каб нашы браты і сёстры належным чынам выхоўваліся ў сваёй веры, каб не паддаваліся ўплыву экстрэмістаў”, - сказаў імам Аль-Хадж Мокссір. Ён будзе адным з удзельнікаў студзеньскага міжрэлігійнага спаткання падчас візіту папы Францішка на Філіпінах.

У сваю чаргу каталіцкі святар, які працуе на Філіпінах, айцец Себасцьян Д’Амбра паведаміў нядаўна, што дыялог з вызнаўцамі ісламу адбываецца на ўзроўні правоў чалавека, бо на Філіпінах усё яшчэ шмат насілля, багатыя багацеюць, пры тым, што колькасць бедных трывожна расце.

Візіт Францішка на Філіпіны пройдзе 15-19 студзеня 2015 г. Ён правядзе спатканні з Прэзідэнтам краіны, кіраўніцтвам дзяржавы і дыпкорпусам, узначаліць св. Імшы, сустрэнецца з сем’ямі і ахвярамі тайфуну, правядзе спатканні з мясцовым духавенствам і семінарыстамі, маладдзю, а таксама мясцовымі рэлігійнымі лідэрамі. Пілігрымка на Філіпіны адбудзецца адразу пасля візіту Святога Айца ў Шры-Ланку, які распачнецца 13 студзеня 2015 г.







All the contents on this site are copyrighted ©.