2015-05-04 10:42:00

Святы Айцец сустрэўся з супольнасцю вернікаў Осціі


3 мая 2015 г. папа Францішак здзейсніў візіт у парафію Панны Марыі Каралевы Супакою ў Осціі – прыгарадзе Рыма. Перш чым цэлебраваць Эўхарыстыю для мясцовых вернікаў, ён наведаў супольнасць Малых Сясцёр Езуса, якія дапамагаюць самым бедным жыхарам раёна, сустрэўся з хворымі, пажылымі, моладзю і сем’ямі, дзеці якіх прынялі хрост сёлета.

Звяртаючыся да парафіян Святы Айцец нагадаў, што пажылыя людзі з’яўляюцца памяццю народа і сем’яў, якую важна захоўваць. Хворыя, у сваю чаргу, падобныя на Хрыста: пакутуюць як Езус і нясуць крыж, як Езус. “Падзякуем Пану за тое, што ў гэтай супольнасці атулены клопатам хворыя і пажылыя”, - сказаў Папа.

Размаўляючы з моладзю Пантыфік нагадаў, што “радасць не купляецца на рынку”, але з’яўляецца дарам, аб якім трэба прасіць Святога Духа. Ён заклікаў юнакоў і дзяўчат мець вясёлыя абліччы, станоўча глядзець на жыццё і дзяліцца радасцю з іншымі.

У сваёй гаміліі падчас Эўхарыстыі Папа нагадаў, што хрысціянскае жыццё – гэта пастаяннае прабыванне з Езусам і прывёў у прыклад евангельскае апавяданне пра галінкі і вінаградную лазу. Падобная еднасць з Панам прыносіць плёны, адзначыў Пантыфік. Прабываць з Хрыстом азначае чыніць дабро, дапамагаць іншым, маліцца, клапаціцца пра хворых, дапамагаць бедным, мець радасць Святога Духа, сказаў папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.