2015-05-28 13:53:00

Пантыфік прыняў біскупаў з Дамініканскай Рэспублікі


Папа Францішак вызначыў душпастырскія прыярытэты для Касцёла ў Дамініканскай Рэспубліцы. 28 мая 2015 г. ён прыняў на аўдыенцыі біскупаў з гэтай краіны, якія прыбылі ў Рым з візітам “ad limina Apostolorum”. 

У пасланні да іерархаў Пантыфік адзначыў важнасць дапамогі шматлікім  мігрантам, якія прыбываюць на дамініканскую зямлю ў пошуках лепшых умоваў жыцця, у першую чаргу, выхадцаў з Гаіці. З боку Касцёла не можа існаваць абыякавасці да іх, падкрэсліў Святы Айцец. Ён заклікаў біскупаў супрацоўнічаць з грамадзянскімі ўладамі і спрыяць інтэграцыі мігрантаў у жыццё грамадства.

Францішак нагадаў, што Касцёл павінен супрацьстаяць гандлю наркотыкамі і людзьмі, карупцыі і хатняму насіллю, эксплуатацыі дзяцей і злоўжыванням адносна іх. Неабходна дзейнічаць на карысць найбольш уразлівых слаёў насельніцтва, падкрэсліў Папа.

У кантэксце актуалльнага “сур’ёзнага культурнага крызісу” важнае месца ў пастырскай дзейнасці павінен займаць клопат аб сям’і і сужэнстве. Пантыфік заклікаў папулярызаваць прыгажосць хрысціянскага сужэнства.

Адносна падрыхтоўкі святароў, Папа заўважыў, што духоўныя семінарыі павінны забяспечваць чалавечую, інтэлектуальную і духоўную падрыхтоўку, спрыяльную сапраўднай сустрэчы з Хрыстом – крыніцы “пастырскай самаахвярнасці” і “эмацыйнай сталасці”, якія дазваляюць жыць у цэлібаце і працаваць у супольнасці. Душпастырства не можа абмяжоўвацца толькі “добра распрацаванымі планамі” і святочнымі цэлебрацыямі, але павінна закранаць штодзённае жыццё людзей, папісаў Францішак і нагадаў пра важнасць хрысціянскай адукацыі свецкіх вернікаў і клопату аб навакольным асяроддзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.