2015-08-11 14:23:00

Ватыкан: паштовыя маркі ў гонар знакамітых армян


Філатэлістычна-нумізматычны аддзел Дзяржавы Ватыкан выпусціў дзве новыя паштовыя маркі, прысвечаныя рэлігійным дзеячам армянскага паходжання: бл. Ігнацыю Малаяну і св. Грыгорыю з Нарэка. Першы з іх быў архіепіскапам Мардзіна – горада на тэрыторыі сучаснай Турцыі. Бл. Ігнацый Малаян характарызаваўся блізкасцю да вернікаў і заўсёды дапамагаў ім ў праблемах матэрыяльнага, сацыяльнага і духоўнага характару. Асаблівым чынам ён клапаціўся аб пашырэнні сярод сваёй паствы культу Сэрца Езуса і Найсвяцейшай Панны Марыі. Калі пачаўся пераслед армян і вызнаўцаў іншых рэлігійных меншасцяў у Атаманскай імперыі, ён заклікаў святароў заставацца моцнымі ў веры і сам не адрокся ад яе, падчас катаванняў, якім быў падвержаны. Сёлета адзначаецца 100-годдзе з дня яго мучаніцкай смерці. Архіепіскап Ігнацый Малаян быў абвешчаны благаслаўлёным у 2001 годзе.

Іншая постаць, у гонар якой былі выпушчаны ватыканскі маркі, гэта св. Грыгорый з Нарэка – армянскі святар і законнік, паэт і вучоны. Ён жыў у перыяд паміж 950-1005 гг. Паходзіўся з сям’і князя Хасрова Андзэвацы, які пазней стаў епіскапам. З самага маленства выхоўваўся пры кляштары ў армянскім мястэчку Нарэк, якое сёння знаходзіцца на тэрыторыі Турцыі. Пазней стаў святаром і абатам. Св. Грыгорый вёў жыццё поўнае пакоры і любові, шмат працаваў і маліўся. Ён шануецца як вялікі тэолаг і адзін з самых важных паэтаў армянскай літаратуры. Шырокую вядомасць яму прынёс твор “Кніга пакутных песняў”, які адыграў важную ролю ў станаўленні армянскай літаратурнай мовы. 12 красавіка 2015 г. папа Францішак абвясціў св. Грыгорыя з Нарэка Доктарам Касцёла. 








All the contents on this site are copyrighted ©.