2015-10-01 10:38:00

З’явілася онлайн-бібліятэка тэкстаў Касцёла на тэму СМІ


Найбольш важныя тэксты і дакументы Каталіцкага Касцёла на тэму камунікацыі цяпер сабраны ў новай онлайн-бібліятэцы (www.chiesaecomunicazione.com). На сённяшні дзень, гэта 1100 дакументаў, паведамілі 30 верасня 2015 г. на прэзентацыі праекта ў Ватыкане. Іх аблічбоўка трывала апошнія чатыры гады. Тут і энцыклікі, і іншыя папскія дакументы, а таксама саборныя тэксты – ад крыніц з першага стагоддзя і па цяперашні час. Праект быў рэалізаваны Папскай радай па сродках масавай камунікацыі.

Кіраўнік дыкастэрыі, арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэлі, заявіў, што вынікі працы з’яўляюцца выдатным інструментам для навукоўцаў, студэнтаў і іншых зацікаўленых асоб. Калекцыя будзе пастаянна пашырацца, паведаміў адказны за лічбавы архіў кс. Франка Левэр. Па словах салезіяніна, які з’яўляецца медыя-экспертам і выкладчыкам Папскага салезіянскага ўніверсітэта, у будучыні да электроннай бібліятэкі будуць дададзены дакументы нацыянальных біскупскіх канферэнцый і асобных біскупаў, а таксама тэксты праваслаўных і пратэстанцкіх Цэркваў. Праект названы ў гонар італьянскага езуіта і вучонага ў галіне СМІ Энрыка Баралі.








All the contents on this site are copyrighted ©.