2015-10-15 13:44:00

На Сінодзе абмеркавалі вострыя душпастырскія пытанні


8-я і 9-я Генеральныя кангрэгацыі Сінода Біскупаў, якія прайшлі 14 кастрычніка 2015 г. у Ватыкане, былі прысвечаны абмеркаванню трэцяй часткі “Instrumentum Laboris”. Пасля прадстаўленне дакладаў трынаццаці “малых груп”, на асамблеі працягнулася дыскусія аб місіі сучаснай сям’і. Адной з тэм – сталі прыёмныя дзеці. Сінадальныя Айцы падкрэслілі важнасць існавання прыёмных сям’яў, якія становяцца для пакінутых дзяцей сапраўдным асяроддзем гасціннасці, клопату і любові.

Іншым пытаннем, якое чарговы раз уздымалася ў сінадальнай зале, стаў распад сем’яў і звязаныя з гэтым так званыя “сужэнскія працэсы”. Зноў падкрэслівалася неабходнасць належнай падрыхтоўкі да сакрамэнту сужэнства і душпастырскага суправаджэння маладых сем’яў. Удзельнікі Сінода адзначылі крохкасць сучасных сям’яў і патрэбу пазбягання асуджальнай мовы адносна тых, што перажываюць праблемы. Тут Касцёл павінен мець падыход Добрага Самараніна, які вітае, ацаляе і аб’ядноўвае. Перспектыва пяшчоты можа стаць рашэннем для многіх складаных сітуацый.

У сувязі з гэтым прагучала і яшчэ адна думка – пра неабходнасць належнай падрыхтоўкі духавенства для суправаджэння сям’яў у сённяшняй сітуацыі. Тут гаворка ідзе таксама аб блізкасці Касцёла да разведзеных, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах. Каб падыходзіць да іх не абагульнена, але разумеючы рэальную разнастайнасць індывідуальных сітуацый, паказваючы перспектыву іх касцёльнай інтэграцыі, якая не абмяжоўваецца выключна прыняццем св. Камуніі.

Падчас 8-й Кангрэгацыі гаворка ішла таксама пра ўзрастаючую колькасць грамадзянскіх саюзаў. У гэтым кантэксце былі падкрэслены цяжкасці многіх мігрантаў і бежанцаў, якія не могуць выйсці замуж або ажаніцца з-за юрыдычных і бюракратычных перашкод у прымаючых іх краінах. Варта звярнуць увагу на гэту праблему і знайсці яе вырашэнне, каб прадухіліць адыход мігрантаў з Каталіцкага Касцёла, падкрэслівалі ўдзельнікі асамблеі.

Гаворка ішла таксама пра краіны, якія імкнуцца перагледзець паняцце сужэнства з дапамогай новага заканадаўства, легалізуючы так званыя “аднаполыя саюзы”. Айцы Сінода нагадалі пра права дзяцей мець бацьку і маці, што не можа ігнаравацца толькі па прычыне карыслівага выбару дарослых. Тут важна таксама, каб каталіцкія школы працягвалі навучанне і адукацыю, згодныя з Евангеллем. Прагучала меркаванне аб неабходнасці далейшай рэфлексіі над душпастырскімі праграмамі для асоб з гомасексуальнай арыентацыяй.

У Зале Сінодаў зноў заклікалі да абароны жыцця ад зачацця да натуральнай смерці, і была падкрэслена неабходнасць абароны жанчын, каб яны ніколі не станавіліся ахвярамі насілля.

На адкрыцці 9-й Генеральнай кангрэгацыі, 14 кастрычніка ў другой палове дня, коратка выступіў Святы Айцец і паведаміў, што многія прызнаюцца яму, што моляцца за Сінод Біскупаў.

Сінадальнымі айцамі Было ўзнята пытанне аб допуску да сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі разведзеных католікаў, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах. Некаторыя з удзельнікаў Сіноду бачаць такую магчымасць, калі асоба ўсведамляе жыццё ў граху і мае волю больш не грашыць. Гэтая саступка, аднак, павінна адбывацца пры выкананні трох крытэрыяў: дакладным распазнанні кожнага выпадку асобна; прыкладных паводзінах разведзеных у адпаведнасці з так званым “шляхам пакаяння”; прыступленні да сакрамэнтаў толькі падчас асабліва важных урачыстасцяў. Было падкрэслена, што Касцёл не выключае нікога. Таму вышэйузгаданыя асобы павінны суправаджацца з любоўю і прабачэннем. 

Іншыя Айцы Сінода адзначылі, што інтэрпрэтацыю Кананічнага Права адносна разведзеных, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах, не можна лічыць занадта жорсткай. Таму гаворка павінна ісці скарэй пра адпаведную душпастырскую апеку гэтых асоб, здольную ўмацаваць, а не аслабіць вучэнне Касцёла. Важна таксама, каб Касцёл не ствараў перад імі ілюзій.

Гаворка ішла таксама пра “камерцыялізацыю” шлюбу, калі знешнім атрыбутам надаецца больш увагі, чым унутраным, духоўным. У гэтым кантэксце была падкрэслена важнасць глыбокага перажывання жаніхом і нявестай літургіі абраду сужэнства.

Уздымалася тэма нараджальнасці. У сувязі з ёй прагучала прапанова прызначыць адпаведнае месца ў заключным дакуменце сужэнскім парам без дзяцей. У гэтым кантэксце ўзнікла і тэма так званага “сурагатнага мацярынства”. Удзельнікі Сінода падкрэслілі, што такая практыка нарадзіла шмат этычных праблем, паколькі яна ніякім чынам не ўяўляе сабой права на мацярынства, а наадварот, адсутнасць павагі да годнасці і правоў чалавека.

Падчас 9-й Кангрэгацыі гучалі тэмы, якія датычацца сем’яў мігрантаў і ахвяр тэрарызму. У гэтым кантэксце была згадана трагедыя гандлю людзьмі і прастытуцыі, а таксама драма многіх бездаглядных дзяцей, пакінутых з-за міграцыі бацькоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.