2016-01-09 13:04:00

Новыя падрабязнасці візіту Святога Айца ў Мексіку


У рамках запланаванай на 12-17 лютага 2016 г. пілігрымкі ў Мексіку, папа Францішак сустрэнецца з ахвярамі сексуальных злоўжыванняў святароў у дачыненні да непаўналетніх. Сустрэча рыхтуецца камісіяй па падрыхтоўцы святароў Канферэнцыі Біскупаў Мексікі, паінфармаваў арцыбіскуп Сан-Луіс-Патосі Хесус Карлас Кабрэра Рамэра. Яго цытуе каталіцкі партал “ACI Prensa”. Пакуль невядома, дзе і ў які час адбудзецца спатканне.

Арцыбіскуп Кабрэра заявіў, што Папа звернецца з асабістым пасланнем да ахвяр, а мясцоваму Касцёлу перадасць “правілы” для адпаведнай рэакцыі на такога роду здарэнні. У гэтым кантэксце, мексіканскі іерарх прызнаў, што Касцёлу у краіне не ўдалося адпаведна супрацьдзейнічаць гэтай з’яве, у тым ліку на этапе падрыхтоўкі і фармацыі будучых святароў. Касцёл павінен рэагаваць на выпадкі педафіліі ў сваіх шэрагах, таму што яны асабліва моцна аслабляюць яго, сказаў арцыбіскуп.

Амаль за месяц да візіту Папы ў Мексіку сталі вядомыя і падрабязнасці наведанне Святым Айцом санктуарыя Маці Божай Гвадэлупскай 13 лютага. Францішак будзе маліцца перад цудатворным абразом Маці Божай і накладзе на яго залатую карону, аддаючы такім чынам у яе рукі Святы Год Міласэрнасці, паведамілі ў мексіканскім епіскапаце.

На велізарную плошчу перад базылікай ў сталіцы краіны, Мехіка, Францішак прыедзе ў гэты дзень вечарам. Яго папамабіль пераадолее 16 кіламетраў шляху ад нунцыятуры. Там адбудзецца прывітанне з жыхарамі метраполіі. Францішак спачатку накіруецца ў “старую” базыліку XVIII стагоддзя, дзе надзене літургічную вопратку, а затым пройдзе ў працэсіі ў размешчаную побач “новую” базыліку, пабудаваную ў 1976 г. Там адбудзецца св. Імша з біскупамі і вернікамі з усіх мексіканскіх дыяцэзій.

Размешчаны ў Мехіка марыйны санктуарый з’яўляецца адным з найбуйнейшых у свеце месцаў паломніцтва. Некалькі тыдняў таму, 12 снежня 2015 г., у свята Маці Божай Гвадэлупскай, размешчаную ля падножжа гары Тэпеяк базыліку наведалі 5,5 млн. пілігрымаў. Іх мэтай стаў, змешчаны ў цэнтры храма, абраз Маці Божай, які, як гаворыць традыцыя, з’явіўся на плашчы індзейца Хуана Дыега, аднаго з першых навернутых ацтэкаў. 

У 2002 г. Ян Павел II абвясціў Хуана Дыега першым ў гісторыі Касцёла святым індзейцам. Маці Божая Гвадэлупская шануецца ў Каталіцкім Касцёле як Каралева Мексікі і Каралева і Апякунка ўсяго амерыканскага кантынента і Філіпін.

Нягледзячы на няспынныя на працягу многіх гадоў акты насілля, звязаныя з дзейнасцю наркакартэляў, у сувязі з візітам Папы ў Мексіцы не будуць прадпрымацца нейкія адмысловыя меры бяспекі. Францішак надае вялікае значэнне таму, каб “быць бліжэй да народа”, сказаў кардынал Альберта Суарэс Інда, арцыбіскуп Марэль, які будзе адным з гаспадароў падчас папскага візіту. Марэль з’яўляецца сталіцай мексіканскага штата Мічаакан, які часта знаходзіцца ў цэнтры ўвагі ў сувязі з актамі насілля, звязанымі з рынкам наркотыкаў. Толькі на працягу апошніх трох месяцаў у выніку барацьбы паміж картэлямі былі забітыя каля ста чалавек.

Візіт Францішка ў Мексіку стане чацвёртым на амерыканскі кантынент пасля Бразіліі – у 2013 г.; Эквадору, Парагваю і Балівіі – у 2015 г.; і на Кубу і ў ЗША – у 2015 г. Падчас шасцідзённага падарожжа Папа наведае шэсць гарадоў, уключаючы сталіцу, Мехіка, і яго прыгарад Экатэпек, а таксама Тустла Гут’ерэс і Сан-Крыстабаль-дэ-Лас-Касас на поўдні ў штаце Ч’япас, узгаданы вышэй Марэль, і размешчаны на паўночнай мяжы Сьюдад-Хуарэс. Візіт будзе праходзіць пад дэвізам “Місіянер міласэрнасці і міру”.








All the contents on this site are copyrighted ©.