2016-03-03 11:43:00

Святы Айцец: трэба прасіць Бога аб пачуцці грэшнасці


Толькі ў адкрытае сэрца можа ўвайсці Божая міласэрнасць, сказаў папа Францішак 3 сакавіка 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Пантыфік падзяліўся разважаннямі на тэму нявернасці ізраільскага народа і вернасці Бога. Ён падкрэсліў, што “Бог заўсёды верны, бо не можа пярэчыць самому сабе”, нават тады, калі сустракаецца з нявернасцю людзей.

“Гэта нявернасць Божага народа – таксама і наша, наша ўласная нявернасць, робіць цвёрдымі сэрцы: закрывае сэрцы! Яна не дазваляе пачуць голас Пана, які, як любячы Айцец, просіць нас заўсёды быць адкрытымі на Яго міласэрнасць і любоў”, - сказаў Францішак.

Гісторыя з зацвярдзелымі сэрцамі, паводле Пантыфіка, паўтараецца ў евангельскім апавяданні пра кніжнікаў і фарысеяў – настаўнікаў Закона, якія добра ведалі вучэнне, але былі празмерна закрытымі, патрабавалі знакаў з Неба, не прасілі ў Бога аб прабачэнні, бо адчувалі сябе не грэшнікамі, а суддзямі над іншымі. Таму людзі былі настолькі ўражаны Езусам і пачыналі верыць у Яго. Яны адчувалі сябе недасканалымі, грэшнікамі, але мелі адкрытыя сэрцы, падкрэсліў Папа. 

На думку Францішка, працэс навяртання, адкрыцця сэрца на Божую міласэнасць, пачынаецца з прызнання ўласнай грэшнасці. “Калі ты скажаш: “я грэшнік” – сэрца адкрыецца, туды ўвойдзе міласэрнасць Бога і пачнеш быць верным”, - сказаў ён. Пантыфік заклікаў вернікаў прасіць Бога аб вернасці адносна яго і пачуцці грэшнасці, каб сэрцы не сталі цвёрдымі і сустрэлі ласку прабачэння. 








All the contents on this site are copyrighted ©.