2016-06-10 13:44:00

Францішак: патрэбны экуменізм у евангелізацыі і служэнні


Існуе мноства сфер, у якіх рэфарматы і католікі могуць супрацоўнічаць, каб разам сведчыць аб Божай міласэрнасці – “сапраўдным супрацьяддзі ад пачуцця пакінутасці і абыякавасці, якія нас акружаюць”, сказаў папа Францішак 10 чэрвеня 2016 г. падчас аўдыенцыі для дэлегацыі Сусветнай Супольнасці Рэфармацкіх Цэркваў (WCRC), якую прыняў у Ватыкане. 

Францішак звярнуў увагу на распаўсюджаны феномен “духоўнага апустыньвання”. У тых асяроддзях, дзе людзі жывуць так, нібыта Бог не існуе, “нашы супольнасці пакліканы быць “амфарамі”, якія суцяшаюць прагу надзеяй і прысутнасцю, здольнай натхняць да братэрства, сустрэчы, салідарнасці, сапраўднай і бескарыслівай любові”, сказаў Папа.

Па словах Пантыфіка, “немагчыма перадаваць веру, жывучы ёй ізалявана або ў закрытых і адасобленых групах”. “Паступаючы такім чынам, нельга адказаць на прагу па Богу, якая да нас усклікае і выяўляецца ў шматлікіх новых формах рэлігійнасці”, якія часам сустракаюцца з рызыкай засяроджвання на саміх сабе і ўласных патрэбах і спрыяюць пэўнага роду “духоўнаму спажывецтву”.

“Калі нашы сучаснікі не знойдуць духоўнасці, якая іх аздаровіць, вызваліць, напоўніць жыццём і мірам, і, у той жа час, не пакліча іх да салідарнай еднасці і місійнай плённасці, яны застануцца падманутымі праз прапановы, якія не гуманізуюць і не сведчаць хвалы Богу”, - падкрэсліў Францішак.

Святы Айцец перакананы, што сёння існуе тэрміновая патрэба ў такім экуменізме, які разам з тэалагічнымі высілкамі, накіраванымі на пераадоленне дактрынальных супярэчнасцяў паміж хрысціянамі, будзе спрыяць “супольнай евангелізацыйнай місіі і служэнню”. Ён падкрэсліў важнасць існуючых ініцыятыў, якія рэалізуюцца ў гэтым напрамку, але заўважыў, што можна “рабіць яшчэ больш”, перадаючы міласэрную любоў Айца, якую бескарысліва атрымліваем і якую пакліканы з шчодрасцю дарыць.








All the contents on this site are copyrighted ©.