2016-08-06 12:07:00

Касцёл у Германіі: рост колькасці хростаў і сужэнстваў


Упершыню за апошнія гады статыстычныя дадзеныя аб Каталіцкім Касцёле ў Германіі носяць станоўчы характар: адзначаецца павелічэнне колькасці хростаў і сужэнстваў, а таксама памяншэнне афіцыйных адмаўленняў ад прыналежнасці да каталіцкай супольнасці. Аб гэтым гаворыцца ў дакуменце “Каталіцкі Касцёл у Германіі. Лічбы і факты”, апубліканым 2 жніўня 2016 г. на сайце нямецкага епіскапату.

Паводле справаздачы, у 2015 г. перасталі быць членамі Каталіцкага Касцёла 181 925 жыхароў Германіі. Для параўнання, годам раней гэта лічба была значна вышэй: 217 716 чалавек. Адной з прычын сыходу вернікаў з Касцёла з’яўляецца плата “касцёльнага падатку”. Незадаволеныя гэтай неабходнасцю католікі афіцыйна афармляюць свой выхад з супольнасці, а не проста перастаюць удзельнічаць у яе жыцці.

Адмоўную ролю сыгралі таксама сексуальныя злоўжыванні сярод духавенства, якія падарвалі давер да Касцёла ў многіх вернікаў. Аб “эмацыйным” характары сыходаў з Касцёлу сведчыць павелічэнне колькасці вернікаў, якія заявілі аб так званай “рэадмісіі” – вяртанні ў каталіцкую супольнасць пасля адрачэння. У 2015 г. так паступілі 6 474 чалавек – на 160 асобаў больш, чым годам раней.

Католікі працягваюць заставацца самай вялікай рэлігійнай супольнасцю ў Германіі і налічваюць каля 23,7 млн. чалавек, што складае каля 29% насельніцтва краіны. 

Колькасць святароў у гэтай краіне паменшылася на 256 чалавек, а вось колькасць сталых дыяканаў павялічылася з 3 236 у 2014 г. да 3304 у 2015 г. Упершыню за многія гады павялічылася колькасць хростаў: з 164 883 у 2014 г. да 167 226 у 2015 г. і сужэнстваў: з 44 158 да 44 298 адпаведна. Колькасць разводаў паменшылася на 1,7%.

Сваё задвальненне вынікамі сацыялагічнага даследвання выказаў старшыня нямецкага епіскапату кардынал Рэйнхард Маркс. Пурпурат падкрэсліў, што Каталіцкі Касцёл у Германіі застаецца “важнай сілай, пасланне якой слухаюць і прымаюць”, таму неабходна працягваць “актыўную душпастырскую дзейнасць”, якая зробіць веру “пераканаўчай” праз штодзённае сведчанне і будзе ўлічваць патрэбу насельніцтва ў новых і розных “ладах жыцця”.








All the contents on this site are copyrighted ©.