2017-01-24 15:23:00

Папа: хрысціянскае жыццё – гэта спаўненне волі Пана


Спаўненню Божай волі ў жыцці прысвяціў папа Францішак сваю гамілію 24 студзеня 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Ён спаслаўся на словы Езуса з літургічнага чытання (Габ 10,1-10): “Ахвяры і прынашэння Ты не захацеў... Тады Я сказаў: Вось іду, каб выканаць волю Тваю, Божа”.

Паводле Святога Айца, гэтыя словы з’яўляюцца абагульненнем гісторыі збаўлення, якая спаўнялася праз людзей, гатовых выканаць Божую волю. Пасля Адама, які хаваўся ад Яго, Бог клікаў і чуў адказ тых, якія казалі: “Вось іду. Я гатовы. Я гатовая”. Гаворка ідзе пра Абрагама, Майсея, Іллю, Ісаю, Ерамію, аж да Езуса Хрыста. Іх згода не была аўтаматычнай, з імі ўсімі Бог вёў дыялог, заўважыў Пантыфік.

Папа звярнуў увагу на вялікую цярплівасць Бога ў дыялогу ў чалавекам. Ён нагадаў гісторыю прарока Ёны і развіццё яго веры. “Хрысціянскае жыццё палягае менавіта на гэтым: “Вось іду”. Нястомнае паўтарэнне гэтых слоў і спаўненне волі Пана”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец заклікаў вернікаў паразважаць, ці здольныя яны адказаць Богу згодай і пацвердзіць яе ўласным жыццём. “Ці можа хачу схавацца як Адам, каб не адказваць? Ці можа, калі Пан мяне кліча, замест слоў: “Вось іду”, адказваю: “Чаго хочаш ад мяне?”; уцякаю як Ёна, які не жадаў рабіць таго, аб чым прасіў Бог? Ці можа раблю выгляд, што спаўняю волю Пана, але толькі знешне, як настаўнікі закона, якіх Езус цяжка асуджаў? Яны рабілі выгляд: “Усё ў парадку... ніякіх пытанняў: зраблю гэта і нічога больш”. Ці можа адварочваю позірк, як левіт і святар перад тым бедным параненым чалавекам, якога пабілі разбойнікі і пакінулі ледзь жывога. Які мой адказ Пану?”, - заклікаў паразважаць Папа.

Пантыфік заўважыў, што Бог звяртаецца да людзей кожны дзень. Можна з Ім спрачацца і абурацца, але не ўцякаць ці хавацца, і гэта таксама будзе малітвай і выразам гатоўнасці спаўняць Яго волю. 








All the contents on this site are copyrighted ©.