2017-09-04 21:42:00

Францішак скіраваў відэапасланне да калумбійскага народу


"Прыбуду да вас як пілігрым надзеі і супакою, каб разам з вамі засведчыць веру ў нашага Пана, а таксама, каб навучыцца ад вашай любові і настойлівасці ў пошуку міру і згоды", - адзначыў папа Францішак у відэапасланні да народу Калумбіі, якое скіраваў напярэдадні Апостальскага падарожжа ў гэту краіну. 

Спасылаючыся на словы дэвізу сваёй пілігрымкі – "Зробім першы крок" – Святы Айцец заўважыў, што зрабіць першы крок, значыць выйсці насустрач іншаму, працягнуць руку і абмяняцца знакам супакою. Папа заклікаў калумбійцаў узводзіць масты для будавання братэрства і трывалага міру, які дазволіць глядзець адзін на аднаго і адносіцца адзін да аднаго па-братэрску. "Мір нагадвае нам, што мы ўсе дзеці аднаго Айца, які нас любіць і суцяшае", - сказаў ён.

Францішак высока ацаніў высілкі ўсіх мужчын і жанчын, якія з рашучасцю і настойлівасцю працавалі, каб зрабіць Калумбію месцам, у якім пануе згода і братэрства, і ў якім "Евангелле ведаюць і любяць". Папа таксама нагадаў мясцоваму Касцёлу пра пакліканне спрыяць не толькі "прымірэнню з Панам і братамі", але таксама з навакольным асяроддзем, якое падвяргаецца эксплуатацыі.

Падарожжа папы Францішка ў Калумбію пройдзе 6-10 верасня 2017 г. Ён наведае чатыры гарады: Багату, Вілавісэнсію, Медэльін, і Картахену. Гэта будзе ўжо пяты візіт Францішка ў Лацінскую Амерыку падчас яго пантыфікату: у ліпені 2013 г. ён наведваў Бразілію, дакладна праз два гады – Эквадор, Балівію і Парагвай, у верасні 2015 г. спыняўся на Кубе, падчас свайго падарожжа ў ЗША, а ў лютым 2016 г. наведваў Мексіку. 








All the contents on this site are copyrighted ©.