2017-11-24 10:03:00

Францішак: быць вернымі Богу і чалавеку


Францішак скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў Фестываля сацыяльнага вучэння Касцёла, які 23 лістапада 2017 г. пачаўся ў Вероне. Форум праходзіць ужо ў сёмы раз. Яго сёлетняя тэма: “Вернасць і перамены”. У рамках сустрэчы прагучаць даклады і адбудуцца дыскусіі аб працы, справядлівасці, эканоміцы і культуры.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў Фестываля, Святы Айцец заўважыў, што быць верным значыць быць здольным змяняцца. Гэта аднак не заўсёды лёгка. Значна прасцей заставацца ў надзейным месцы, паўтараць тыя самыя словы і жэсты. Усё гэта дапамагае адчуваць сябе спакойна і бяспечна. Больш рызыкоўна “выходзіць у шлях і пачынаць новыя працэсы”.

Францішак перакананы, што быць верным чалавеку, значыць перамагчы сябе і выйсці насустрач бліжняму, адкрыць вочы і сэрцы на бедных, хворых, беспрацоўных, бежанцаў, якія ратуюцца ад насілля і вайны, а таксама на вялікую колькасць людзей, якія былі паранены абыякавасцю і эканомікай, што выкідае на ўзбочыну і забівае. 

Вернасць Богу і чалавеку, па словах Папы, прадугледжвае змены ўнутры сябе і ў навакольнай рэальнасці. У сацыяльнай сферы гэта таксама азначае стварэнне працоўных месцаў для моладзі. Змены вітаюцца не толькі калі справы ідуць кепска, але і калі ўсё добра, і ўзнікае спакуса спыніцца на дасягнутых выніках, заўважыў Святы Айцец.

“Пашырыць наша служэнне, зрабіць іншых удзельнікамі нашых праектаў, павялічыць прастору для крэатыўнасці, значыць прыняць выклік пераменаў менавіта для таго, каб заставацца вернымі Богу і чалавеку”, - сказаў Папа.

Фестываль сацыяльнага вучэння Касцёла ў Вероне будзе працягвацца да 26 лістапада. У ім прымаюць удзел кардынал Луіс Антоніа Тагле, арцыбіскуп Манілы, кардынал Гуалцьера Басэці, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі. Урачыстую св. Імшу на заканчэнне форума ўзначаліць кардынал Пьетра Паралін, Дзяржсакратар Яго Святасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.